Першая Крытычная маса сезона стартуе ў Гродне 25 сакавіка
Па патрабаванні ДАІ, якую клапаціла перадусім бяспека мерапрыемства, арганізатары крытычнай масы былі вымушаныя згадзіцца пачаць акцыю на гадзіну раней – у 18.00 замест звыклых 19 гадзін.
Да таго ж маршрут давялося скараціць такім чынам, каб укласціся ў гадзіну.
ДАІ аргументавала сваі патрабаванні тым, што цямнее дастаткова рана, таму пажадана скончыць велапрабег , пакуль бачнасць на дарогах застаецца добрай.
Маршрут сёлетняй Крытычнай масы выглядае так: Савецкая плошча – стары мост – Савецкіх Памежнікаў – новы мост – Веснавая – Болдзіна – БЛК – Горкага – пл.Леніна –вул.Савецкая – Савецкая плошча.
Адзін з арганізатараў акцыі, Іван Найдзёнаў:
– Крытычная маса пройдзе пад лозунгам “Узаемаразуменне”.
Гэта была ініцыятыва ДАІ, каб кожная акцыя мела нейкае прысвячэнне.
Гэтым разам ДАІ прапанавала прысвяціць Крытычную масу ўзаемаразуменню паміж усімі ўдзельнікамі дарожнага руху: пешаходамі, раварыстамі, матацыклістамі, аўтамабілістамі.
Сцягі з адпаведнай сімволікай будуць на машынах суправаджэння, а для раварыстаў мы рыхтуем спецыяльныя налепкі.
Асаблівую падзяку за садзеянне мы хочам выказаць начальніку аддзела фізкультуры і спорта аблвыканкамі Руслану Вячаслававічу Красічкаву.
Мы хацелі ўжо звярнуцца з лістом ў органы ўлады, каб хоць нехта з іх да нас далучыўся, падтрымаў наш рух, а Руслан Вячаслававіч сам выказаў такое жаданне.
Чакаем, што нас назбіраецца чалавек 50-60, для адкрыцця сезона гэта нармальна, найбольш раварыстаў збіраецца ў маі і верасні.
Крытычная маса стартуе 25 сакавіка ў 18.00 на Савецкай плошчы.
Арганізатары звяртаюцца да ўсіх удзельнікаў з просьбай мець пры сабе светлавое абсталяванне і флікеры на вопратцы і ровары.
Фота з адкрыцця сезона-2010 з сайта http://velo.grodno.net