Кастусь Каліноўскі: праўда і міфы

|

Дыскусія адбудзецца ў межах канферэнцыі “Кастусь Каліноўскі як архітэктар беларускай нацыі – за і супраць”, якую 2-3 красавіка ладзіць Інстытут грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі пры Вышэйшай школе гандлю і права імя Р. Лазарскага (Варшава).

Канферэнцыя мае на мэце ўзнаўленне дыскусіі, якая ўжо была запрачаткавана ў беларускіх медыях і крытычна асэнсаваць як адраджэнскую інтэрпрэтацыйную традыцыю, так і савецкую, а таксама некаторыя “рэвізіянісцкія” погляды, што з’явіліся ў апошні час.

Свае погляды на постаць К.Каліноўскага выкажуць гродзенцы праф. Аляксандр Смалянчук і Андрэй Вашкевіч.

А.Вашкевіч: “Я буду выказвацца ў двух пытаннях – роля “міфа пра Кастуся Каліноўскага” у станаўленні беларускай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнасці ў 1910-я – 1940-я гг.”, і ў другім выступе паспрабую выказаць сваё бачанне сучасных спробаў развянчання “міфа пра Кастуся Каліноўскага” і іх грамадска-палітычную сутнасць”.

Адзін з арганізатараў канферэнцыі Пётр Рудкоўскі лічыць неабходным падыскутаваць аб тым, што ў нарацыях аб К.Каліноўскім ёсць міфам, а што – гістарычным фактам, наколькі апраўданы дамінуючыя ў Беларусі інтэрпрэтацыі дзейнасці Кастуся Каліноўскага.

Па меркаванні П.Рудкоўскага дыскусія хутчэй за ўсё прымусіць узняць таксама больш фундаментальныя пытанні: ці магчыма будаваць нацыю без міфалогіі? Што такое ўвогуле міфалогія? Навошта ў 21-ым ст. беларуская нацыя?