Гродзенская дыяцэзія адзначае сёння сваё 20-годдзе

|

Як распавёў кс. Павел Салабуда, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, урачысты пачатак святкавання 20-й гадавіны дыяцэзіі запланаваны на 21красавіка.

 

У гэты дзень ў Фарным касцёле кс. бп. Аляксандар Кашкевіч асвяціць абраз Езуса Міласэрнага, які цягам бліжэйшых пяці гадоў будзе вандраваць па ўсіх гродзенскіх парафіях.

 

Галоўнай тэмай года будзе дэвіз, зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі: “Божая Міласэрнасць – адзіная надзея сучаснага свету”.

 

– Тое, што ў нас ёсць свае мясцовыя святары, парафіяльныя супольнасці, душпастарскія групы, адбудаваныя і асвячоныя святыні, з’яўляецца паказчыкам жыццяздольнасці Касцёла на Беларусі, – падкрэслівае кс. Павел. – Гэта таксама сведчыць, што перамены ў рэлігійным жыцці Гродзеншчыны, якія адбываюцца ад пачатку 90–х гадоў, прыносяць свой плён.

 

Рашэнне аб стварэнні Гродзенскай дыяцэзіі было прынята ў жніўні 1939 г., але пачатак II Сусветнай вайны перашкодзіў яе арганізацыі.

 

Цэнтрам самастойнай дыяцэзіі Гродна стала толькі 13 красавіка 1991 г.

 

Варта падкрэсліць, што на момант паўстання Гродзенскай дыяцэзіі ў горадзе з 1990 г. функцыянавалі Духоўная семінарыя і Біскупскі суд. Гэтыя інстытуты былі ўмовай нармальнага і стабільнага рэлігійнага жыцця.

 

У год заснавання дыяцэзіі была арганізавана Біскупская курыя, а потым былі ўтвораны дабрачынная арганізацыя «Карытас» і Дыяцэзіяльнае выдавецтва.

 

На працягу нядоўгіх 20 гадоў жыцця дыяцэзіі паўстала каля 180 парафій з агульнай колькасцю вернікаў больш за 500 тысяч, святарскую паслугу якім нясуць 200 святароў.

 

Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць Гродзенскай дыяцэзіі і план мерапрыемстваў можна знайсці тут.

 

Фота з сайта historialis.com