Пракуратура адказала на зварот гродзенскіх журналістаў

|

У лісце за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за расследаваннем крымінальных справаў  саветніка юстыцыі С.А.Башуна сябрам БАЖу тлумачыцца, што дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаны толькі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, інтарэсы якіх гэтыя дзеянні і рашэнні закранаюць.

Аўтары зварота не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэса, іх інтарэсы следствам не закранаюцца. Іх заява будзе далучана на справы А.Пачобута.

 

Ініцыятар звароту, Ігар Банцар, пракаментаваў “Твайму стылю” адказ пракуратуры:

Нічога ад нашага звароту мы і не чакалі.

 Безумоўна, трэба было напісаць, каб лішні раз падкрэсліць, што Канстытуцыя дае нам правы на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, каб выразіць цэхавую салідарнасць з Андрэям Пачобутам.

 Большасць сябраў БАЖу працуе ў не зусім дзяржаўных выданнях, таму кожнага з нас гэта можа чакаць.

Пра Канстытуцыю ў нас ўзгадваюць толькі  раз на год, у астатні час на яе ніхто не звяртае ўвагі.

Мы нібыта маем правы, але розныя пастановы, указы іх перакрэсліваюць.

Таму было б з нашага боку наіўным чакаць, што наш ліст нешта зменіць, што крымінальную справу спыняць, але напісаць яго было неабходна.


Зварот у пракуратуру з патрабаваннем спыніць незаконны пераслед гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута сябры гродзенскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравалі ў пачатку красавіка.

Супраць Пачобута заведзеныя адразу дзве крымінальныя справы: абвінавачванне ў абразе прэзідэнта (частка І, артыкула 368 Крымінальнага кодэксу) і ў паклёпе на яго (частка І, артыкул 367 КК).

Пачобут затрыманы ў Гродне 6 красавіка, зараз утрымліваецца ў следчым ізалятары Гродзенскай турмы №1.