У Мінску ідзе суд над гарадзенцам Алесем Кіркевічам
Разам з ім па справе, якая зараз разглядаецца ў Кастрычніцкім судзе сталіцы, праходзяць яшчэ 4 чалавекі.
Паводле матэрыялаў следства, дзеянні Кіркевіча, “выразившиеся в уничтожении имущества и насилии над личностью, были направлены на проникновение в Дом Правительства – административное здание государственного учреждения «Главное хозяйственное управление» Управления делами Президента Республики Беларусь”.
Як паведамляе “Наша Ніва”, у віну Алесю Кіркевічу ставяць тое, што ён нібыта нанёс адзін удар рукой па дзвярах Дома ўрада і трымаў за плечы іншых дэманстрантаў.
Сваёй віны Кіркевіч не прызнае.
Грамадскаму актывісту пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.
На судовым паседжанні прысутнічаюць маці і жонка Алеся.
Алесю Кіркевічу 21 год. Нарадзіўся ў Гродне ў сям’і гісторыкаў. Паступіў на гістарычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэта, аднак вырашыў адкласці вучобу дзеля палітычнай дзейнасці.
Арыштаваны 28 студзеня пасля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гарадзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках.
“Твой стыль” будзе сачыць за развіццём падзей у судзе.
Фота Радыё Свабода