На вуліцы Ажэшкі ў Гродне з’явіцца пано “Гарадніца”

|

У яго аснове пано – гравюра Гародні часоў сярэднявечча.

Па словах мастака Аляксандра Сільвановіча (на здымку), асноўная ідэя стварэння пано – паказаць гісторыю Гарадзеншчыны і гандлёва-рамеснага раёну, дзе зараз знаходзіцца будынак.

– Пано  выконваецца ў тэхніцы разьбы па  каляровай тынкоўцы. Тэхніка вельмі надзейная і доўгавечная.

 

Праца над ёй займе яшчэ як мінімум два тыдні, бо тынкоўка ў час працы абавязкова павінна быць сырой.

Распрацоўкай мы займаліся 2-3 месяцы.

Ідэя такога афармлення фасаду будынка ўзнікла у архітэктараў, яе падтрымалі ўладальнікі крамы.

 

І мне таксама здаецца, што гэта добрая ідэя. Гэтае пано – як пераклічка розных часоў, тых далёкіх і цяперашніх.

Тэхніка гэтая для горада ўжо не новая. Ёсць яшчэ, напрыклад, пано на вуліцы Савецкай, прысвечанае фестывалю нацыянальных культур.

 

У Еўропе  наогул гэтая тэхніка даволі распаўсюджаная і выкарыстоўваецца нават для размяшчэння рэкламы.

Аказалася, што не ўсе, аднак, у захапленні ад ідэі стварэння пано.

 

Як паведаміў “Твайму стылю” адзін з чатырох уладальнікаў крамы, не ўсе падтрымалі задумку і не ўсе палічылі яе настолькі цікавай.

– Я лічу, што лепш было б зрабіць просты фасад, без аніякіх гравюраў. Гэтае пано выглядае сумна і зусім не да месца тут.

>

Фота аўтара