Слонімскі пісьменнік стаў пераможцам конкурса імя Ежы Гедройця

|

Узнагароду ад Польскага Інстытуту ў Мінску ён атрымаў за шэраг публікацый на старонках “Газеты Слонімскай” на тэму польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, навукі і мастацтва, а таксама за кнігу гісторыка-краязнаўчых артыкулаў “Беларуская Беласточчына”, якая летась пабачыла свет у выдавецтве “Кнігазбор”.

На ўрачыстасці ўзнагароджвання пераможцаў прафесар Адам Мальдзіс сказаў: “Я вельмі задаволены, што менавіта Сяргей Чыгрын са Слоніма стаў пераможцам гэтага конкурсу, таму што ён на ніве польска-беларускіх стасункаў у галіне гісторыі, культуры і літаратуры у апошні час вельмі плённа працуе. Ён заслугоўвае не толькі ўзнагарод розных конкурсаў, але і дзяржаўных прэмій, як з боку Рэспублікі Беларусь, так і з боку Рэспублікі Польшча”.

Нагадаем, што Ежы Гедройць быў рэдактарам самага моцнага эмігранцкага часопіса “Культура”. Ліцьвін па паходжанні, нарадзіўся ў Мінску, казаў, што калі яму абрыдзе быць палякам, ён вернецца ў Мінск і стане ліцьвінам. Узнагароды імя заснавальніка польскага часопіса “Культура” Ежы Гетройця атрымалі яшчэ некалькі беларускіх журналістаў.

Вольга Шынкевіч

Здымак паводле svaboda.org