У Коматаўскім могільніку пахавана шмат дзяцей і маладых жанчын

|

Гэта былі выратавальныя раскопкі. А гэта значыць, што тэрыторыя ў выніку будаўніцтва ГЭС на Нёмане будзе затапляцца. І ніхто і ніколі не зможа даведацца, якія кавалачкі гісторыі хавае гэта зямля. Было даследвана толькі 10 % помніка, ці 448 квадратных метраў. Знойдзена больш трохсот пахаванняў і рэшткі царквы 17-га стагоддзя.

>

Антраполагам з Полацку былі даследваны шкілеты. Апынулася, што кожны пяты чалавек гэтага могільніка – дзіця. Вельмі шмат маладых жанчын, хутчэй за ўсё яны памерлі пры родах. Разумеючы, ў якім стане была тагачасная медыцына, можна і не здзіўляцца… Яшчэ адна цікавостка: тагачасныя жыхары Коматава былі ў сярэднім на пяць сантыметраў вышэй за палачан. І калі ўлічыць, што закранута толькі невялікая частка могілак, можна ўявіць сабе, якая колькасць людзей там жыла!

Таксама сустракаліся і падвоенныя пахаванні, калі ў адной труне ляжаў дарослы чалавек і дзіця. Цікава тое, што дарослыя (пацверджана антраполагам) – мужчыны. Гэта толькі маленькая частка таго, што дало даследванне могільніка. Было знойдзена шмат элементаў матэрыяльнай культуры: фрагменты керамічнага посуду, манеты, завушніцы, кольца і гэтак далей. Менавіта пры даследаванні могільнікаў археолагі атрымліваюць найбольш інфармацыі пра тагачасны побыт і духоўнае жыццё людзей.

 

Пасля таго, як парэшткі былі даследваны, прынятлі рашэнне іх перазахаваць. Пытанне: дзе і як гэта зрабіць? Адказ на гэта пытанне быў адзін – перазахаваць у тым жа самым месцы. Толькі быў выбраны самы высокі край раскопа (як гарантыя ад затапленняў), у які і злажылі косткі.

 

Паколькі крыжы на магільных камянях былі уніяцкія ды і ў пісьмовых крыніцах узгадваецца уніяцкая царква ў Коматаве, то і запрасілі арганізатары перазахавання уніяцкага святара. На сённяшні дзень Коматава – праваслаўная вёска і нават мае сваю царкву, таму запрасілі і праваслаўнага святара.

Так склалася, што паніхіду па памерлых адслужыў грэка-каталіцкі святар з Гродна айцец Андрэй Крот. Пасля паніхіды хлопцы закідалі зямлёй косткі, абазначыўшы гэта месца адным з надмагільных камянёў. Як растлумачыла нам кіраўнік раскопу Ю.В.Юркавец: «Праз некалькі дзён прыйедзе тэхніка і закапае ўвесь раскоп, а туды, дзе перазахаваны шкілеты, зложаць усе надмагільныя камяні – тым самым зробяць помнік».