Хрысціна Марчук: уласны карэспандэнт павінен умець усё

Бо ад гэтага будзе залежаць атрымае ен кусок хлеба або кусок хлеба з маслам.

 

Гэтак жа ліча і Хрысціна Марчук, маладая журналістка “Газеты Слонімскай”, выпускніца гарадзенскай “Школы Маладога Журналіста”, а таксама былая каардынатарка гэтага праекта.

 

Хрысціна прайшла нядаўна курс двухмесячнага навучання фотажурналістыцы, арганізаванага ГА ”Беларуская асацыяцыя журналістаў” і са сваёй працай «Работа па размеркаванні. Гісторыя настаўніцы Вольгі Касцючэнка» была адзначаная сярод лепшых.

Праца Хрысціны дэманстравалася нядаўна на выставе ў інстытуце Гётэ ў Мінску.

 

Чаму Вы пачалі займацца рэпартажнымі фотаздымкамі?


– Прычына дастаткова празаічная. Я працую ўласным карэспандэнтам і кантактую з рэдакцыяй толькі дыстанцыйна.

 

Калі я іду на заданне, то не магу ўзяць з сабой фатографа, бо ён у рэдакцыі. Узнікае звычайная сітуацыя…

 

І ад таго, колькі ты зробіш, залежыць тое, колькі ты атрымаеш.

 

Таму я стала вучыцца, знаходзіць час на розныя семінары.

 

Апроч таго, мне стала цікава, як гэта робіць вядомы беларускі журналіст Андрэй Лянкевіч (кіраўнік курса).

 

Ваша стаўленне да фотарэпартажаў?


– Я вельмі цаню, калі рэдакцыя не шкадуе сродкаў на добрыя фотаздымкі і ад рэпарцёраў, і ад розных агенцый. Я лічу, што так павінна быць.

 

Тым больш, што сення чалавеку можа не хапіць часу праглядзець сам матэрыял, але фота ён абавязкова праглядзіць.

 

Што да мяне, то я не магу сказаць, што буду займацца толькі гэтым. Канешне, трэба ўмець усё, але калі ты хочаш дабіцца поспехаў, то больш увагі трэба аддаваць адной галіне.

 

Гэта значыць, што для вас фотарэпартаж – гэта суправаджэнне да тэкста?


-На сенняшні дзень гэта так выглядае. Лепш мець ілюстрацыі да тэксту.

 

Некалькі слоў пра курс…


– У нас было некалькі агульных семінараў, а потым мы кантактавалі праз інтэрнэт. На час навучання я паехала ў Ашмяны і больш нічым не займалася акрамя сваёй фотасерыі. Думала толькі пра тое, а што яшчэ можна зрабіць і як гэта паказаць.

 

Андрэй распавядаў нам больш пра еўрапейскі рынак фота. І Беларусь у гэтых адносінах не тое, што учарашні дзень, а мінулы тыдзень…

 

Мы глядзелі шмат фота розных еўрапейскіх агенцый, нам расказвалі пра розных фатографаў.

 

Таксама мы шмат распавядалі пра такі жанр, як мультымедыя. На беларускіх сайтах гэта дастаткова новая з’ява. Гэта вельмі перспектыўная рэч.

 

Глядзелі шмат сайтаў, часопісаў, прысвечаных толькі мультымедыі.

 

Мультымедыя найбольш адпавядае сучаснасці. Ты слухаеш, глядзіш і атрымліваеш інфармацыю.

 

У выніках курсу я не расчаравалася.

 

Я заўсёды давяраю тым лекцыям і курсам, якія прапаноўвае БАЖ. Бо гэта заўсёды ўсё самае лепшае.

 

 

Крыху тэорыі ад ТС

Да рэпартажных фотаздымкаў можна аднесці фотаздымкі, зробленыя на канцэртах, выставах, спартыўных мерапрыемствах, святах, увогуле – на самых розных мерапрыемствах.

Асноўная мэтай такіх фота: дапамагчы людзям апынуцца ў гушчы хвалюючых падзей, вачамі іх сведкаў ўбачыць свет.

Рэпартажнае фота – гэта не толькі аповед пра тое, што адбылося, але і перадача атмасферы падзеі.

 

У фотарэпартажы важныя дэталі, метафары, эмоцыі, атмасфера. Гэта нетрывіяльная задача практычна недаступная фатографу – непрафесіяналу.

 

Без майстэрства і інтуіцыі выразны здымак атрымаць можна толькі выпадкова.

 

Рэпартажная фотаздымка – гэта не простае кантатаванне факту, трэба каб гледачам была бачная логіка таго, што здарылася, выразна адсочвалася ўзаемасувязь падзей.

 

Акрамя добрых адносінаў з камерай, трэба мець хуткую рэакцыю і уменне бачыць.

 

На развітанне…

 

5 парадаў ад лепшых фотажурналістаў Беларусі (паводле “Абажура”):

 

  1. Будзь сумленным.
  2. Кахай людзей і паважай калегаў.
  3. Глядзі як гэта робяць ў свеце.
  4. Заўсёды бяры фотаапарат з сабой.
  5. Забудзься пра фоташоп і вучы англельскую мову.

 

У агенцтве “Рэйтар”, напрыклад, фотакарэспандэнту, які адрэтушаваў свае здымкі ў фоташопе, прыйдзецца шукаць новую працу!

 

На здымку: Хрысціна Марчук атрымлівае ўзнагароду з рук вядомага беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча

Фота: baj.by