Келіх неадэкадансу ад Ганны Аўчыннікавай
З прадмовы, напісанай Анатолем Брусэвічам:
–У айчыннай літаратуры неадэкаданс не прадстаўлены шматлікімі імёнамі, бо яго прадстаўнікі не шукаюць сваіх “нішаў”, каб сядзець там, выпіхваючы рэальных і патэнцыяльных канкурэнтаў.
Для нас мастацтва – не гульня, не бізнэс, не вайна, але рэлігія, вера ў святую моц Слова.
Менавіта на такой веры грунтуецца і творчая свядомасць паэткі Ганны Аўчыннікавай, а яе першая кніга вершаў “Ад зачыненай брамы” – гэта шлях ад сябе, свайго сентыментальнага “ego” да ўсведамлення высокага прызначэння мастака, які становіцца стваральнікам сусвету, садзіць свой уласны сад і вольны пакідаць альбо не пакідаць зачыненай браму.
У паэтычных радках Ганны Аўчыннікавай працягвае ажыццяўляцца колішняе прароцтва Штура, які верыў, што на змену заходнееўрапейскай крызісна-супярэчлівай паэзіі павінна прыйсці славянская “паэзія паэзіі”, ля вытокаў якой стаіць Адам Міцкевіч.
Ганна Аўчыннікава скончыла філалагічны факультэт ГрДзУ імя Янкі Купалы, вучыцца ў аспірантуры па спецыяльнасці “Параўнальна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства”.
Дэбютная кніга паэткі выйшла пры падтрымцы Таварыства Беларускай школы.
У бліжэйшы час адбудзецца прэзентацыя.