Змяніліся тэрміны прызыву ў беларускую армію
Гэта звязана са зменай часавых параметраў навучальнага года ва Узброеных сілах, паведаміў журналістам 20 мая начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл палкоўнік Сяргей Купрык.
Раней навучальны год ва Узброеных сілах пачынаўся 1 лютага і заканчваўся 30 лістапада.
З гэтага года ён будзе пачынацца 1 снежня і заканчвацца 31 кастрычніка наступнага года.
Адпаведна мяняюцца і тэрміны правядзення прызыўной кампаніі.
Калі раней мерапрыемствы прызыву ажыццяўляліся два разы на год, у кастрычніку—студзені і красавіку—ліпені, то з 2011 года яны пераносяцца на люты—май і жнівень—лістапад.
Тэрміны адпраўкі прызваных грамадзян у войскі мяняюцца са студзеня на май і з ліпеня на лістапад, а для праходжання службы ў рэзерве — з ліпеня на лістапад.
Для планамернага пераходу на новыя тэрміны прызыву гэтым летам прызыў будзе ажыццёўлены для камплектавання ўнутраных войскаў МУС, органаў пагранслужбы, дзяржбяспекі і асобных падраздзяленняў УС.
Усяго на службу будзе прызвана прыблізна тры тысячы чалавек.
Чарговы ж прызыў грамадзян для праходжання службы ва УС і ў рэзерве пройдзе ў лістападзе 2011 года.
У гэты перыяд у злучэнні і часці беларускай арміі плануецца накіраваць прыкладна 10 тыс. чалавек.
Па словах Купрыка, змена тэрмінаў навучальнага года і прызыву грамадзян дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць вучэбную матэрыяльную базу, у тым ліку для навучання войскаў вядзенню баявых дзеянняў ва ўмовах зімы, а таксама аптымізаваць сістэму пераводу ўзбраення і ваеннай тэхнікі на рэжым восеньска-зімовай эксплуатацыі.
Што да захавання інтарэсаў грамадзян, то Купрык выдзеліў некалькі момантаў.
Па-першае, новаўвядзенні прывядуць да таго, што паступленне грамадзян ва ўстановы адукацыі па часе не будзе супадаць з мерапрыемствамі прызыву.
Тым самым у маладых людзей будзе больш часу для падрыхтоўкі і здачы выпускных экзаменаў, а таксама для падрыхтоўкі да паступлення ў ВНУ.
Пры гэтым знікне неабходнасць давання адтэрміноўкі выпускнікам сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў да 1 верасня.
Па-другое, мерапрыемствы прызыву не будуць адрываць выпускнікоў ВНУ ад падрыхтоўкі і здачы дзяржэкзаменаў і абароны дыпломных работ, а выпускнікі ВНУ і ССНУ, якія падлягаюць прызыву, закончыўшы навучанне ў чэрвені—ліпені, змогуць працаўладкавацца ў тым ліку і па накіраваннях устаноў адукацыі, атрымаць практыку працы, што забяспечыць іх гарантаванае працаўладкаванне на ранейшае месца працы пасля звальнення з арміі.
Па-трэцяе, вайскоўцы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны тэрміновай службы, будуць паспяваць паступаць ва ўстановы адукацыі адразу пасля звальнення (у маі, а таксама ў лістападзе ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю).
Немалаважным Купрык назваў тую акалічнасць, што студзень з’яўляецца найбольш неспрыяльным месяцам для адаптацыі новага папаўнення да ўмоў ваеннай службы.
Паступленне навабранцаў у войскі ў гэты перыяд, як правіла, супадала з уздымам захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, таму, паводле яго слоў, адпраўка прызваных грамадзян у войскі ў лістападзе дазволіць знізіць узровень захворвання ваеннаслужачых.
Сяргей Купрык асабліва падкрэсліў, што звальненне ў запас вайскоўцаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны, будзе праведзена своечасова.
Паводле http://belapan.by
Фота з сайта http://www.bravica.info