Выбар прафесіі – «хачу», «магу», «трэба»

Кожны задумваецца, куды пайсці вучыцца, як забяспечваць сваю сям’ю, наогул, як зрабіць сваё жыццё шчаслівым, гарманічным, прадукцыйным … Кожны ?!

 

Назіраючы за навакольным становішчам і жыццёвым каштоўнасцямі, якімі кіруюцца большасць маладых людзей, складваецца ўражанне, што далёка не кожны. Ці, у лепшым выпадку, задумваюцца, але з высновамі не спяшаюцца.

 

Менеджэр, юрыст, эканаміст, гандляр, прадпрымальнік – адну з гэтых прафесій маладыя людзі выбіраюць усё часцей і часцей. Моладзь марыць, не напружваючыся, сядзець у офісе, час ад часу раскладваць пасьянс і атрымліваць пры гэтым прыстойныя грошы. Але свет рухаюць наперад дзеячы навукі і інжынеры, збольшага – работнікі культурнай і сацыяльнай сфер. Тым не менш, пры выбары будучай прафесіі гэтыя важныя для прагрэсу спецыяльнасці адкідаюцца ў свядомасці маладых людзей, як бесперспектыўныя з пункту гледжання… прыбытку.

 

«Не ведаю, што рабіць, – кажа Алена. –Вучуся на факультэце журналістыкі ГрДзУ ім. Янкі Купалы. Сканчаю першы курс. Марыла паступіць у гэты універсітэт і на гэты факультэт з 6-га класа. З 8-га класа ўжо працавала пазаштатным карэспандэнтам. Усё задавальняла, падабалася прафесія, хацела ёй прысвяціць ўсё жыццё. Мара спраўдзілася – я паступіла ва ўніверсітэт. У мінулым сакавіку пачала ўсведамляць, што гэта крыху не тое, чаго я хацела, што мне не падабаюцца многія прадметы, заданні … Стала думаць пра тое, каб кінуць універсітэт і паступіць куды-небудзь у іншае месца».

 

З гэтым пытаннем мне дапамагла разабрацца школьны псіхолаг Аляксандра Навадзянава:

 

– Цяжкасці прафесійнага самавызначэння ўзнікаюць звычайна ў дзвюх катэгорый школьнікаў. Першыя пакуль не знайшлі ў гэтым жыцці нічога цікавага. Так склалася, што настаўнікі не здолелі стварыць у іх любоў да якіх-небудзь прадметаў, а таленты пакуль яшчэ закапаныя ў зямлю. Такія юнакі могуць добра вучыцца, але яны нічым не захапляюцца, жыццё іх даволі сумнае, манатоннае. З усяго таго, што іх атачае, нішто асабліва не вабіць…

Як правіла, яны не ведаюць, кім працуе іх тата, хто такі іхтыёлаг… І наогул, мала арыентуюцца ў свеце прафесій.

Другая катэгорыя дзяцей вельмі актыўная і ў вучобе, і ў розных іншых формах самавыяўлення. Ім цікава ўсё, яны наведваюць адначасова тры гурткі, пяць факультатываў і дзесяць спартыўных секцый. Больш таго, у іх усё атрымліваецца.

Як кажуць, калі чалавек таленавіты – ён таленавіты ва ўсім. За што ні возьмецца гэты цуд-дзіця ва ўсім дамагаецца поспеху. Аднак … ён таксама не можа вызначыць, што падабаецца яму больш, з чым ён хацеў бы звязаць сваё жыццё.

 

На што трэба звярнуць асаблівую ўвагу? На асаблівасці свайго характару і здароўя: некаторыя віды работ табе не падыдуць па здароўю, дзе патрабуецца моцная цягавітасць, або ўстойлівыя якасці лідэра. Трэба звярнуць увагу на актуальнасць і перспектыўнасць прафесіі, але, у той жа час, не варта гнацца толькі за прэстыжнай, грашовай, актуальнай працай, калі ты не ўпэўнены ў сваім жаданні сапраўды займацца гэтым ўсё жыццё.

 

Пры выбары сваёй будучай прафесіі трэба ўлічыць тры фактары:

«Хачу» – твае інтарэсы і схільнасці;

«Магу» – твае здольнасці і стан здароўя;

«Трэба» – запатрабаванне грамадства ў канкрэтных спецыяльнасцях, у людзях вызначаных прафесій

 

Псіхолаг А. Навадзянава лічыць: «Прафесія павінна быць цікавай. Калі табе падабаюцца жывёлы, расліны, то табе будзе цікава ў сваёй прафесійнай дзейнасці сутыкацца з аб’ектамі жывой прыроды. Калі ты любіш тэхніку – цікавасць да яе будзе падтрымліваць цябе ў дзейнасці інжынера-канструктара, напрыклад, а не геолага».

 

Такім чынам, разабраўшыся ў сваіх здольнасцях, інтарэсах і асобасных рысах, ты прыступаеш да выбару ўжо не прафесіі – а ВНУ або факультэта. Не палянуйся і выпішы на асобным лісточку паперы плюсы і мінусы кожнага з варыянтаў. Прааналізуй дадзеныя разам з сябрамі і сваякамі. І заўсёды памятай: канчатковы выбар толькі за табой, бо выбіраючы прафесію, ты выбіраеш лёс.

 

Аляксандра Навадзянава распавяла і аб 8 фактарах, якія ўплываюць на выбар прафесіі: пазіцыя старэйшых членаў сям’і; пазіцыя таварышаў, сябровак; пазіцыя настаўнікаў, школьных педагогаў; асабістыя прафесійныя планы; здольнасці; узровень дамаганняў на грамадскае прызнанне; інфармаванасць; схільнасці. Завісь ўсе «за» і «супраць» абранай будучай прафесіі, і пачынай рыхтавацца да ЦТ!

Ілюстрацыя http://dn.orabote.dn.ua