Гародня трапіла ў справаздачу Міжнароднай Амністыі па парушэнні правоў чалавека

|

14 мая да пакарання смерцю прыгавораны гродзенцы Алег Грышкавец і Андрэй Будрыка.

Яны былі прызнаныя ў наўмысных забойствах, разбойным нападзе, падпале, выкраданні непаўнагадовага, крадзяжы  і рабаўніцтве.

Апеляцыі злачынцаў былі адхіленыя Вярхоўным судом 17 верасня 2010 года.

 

Трагедыя здарылася 14 кастрычніка 2009 года ў кватэры дома №8 па вул. Кабяка, куды злачынцы завіталі ўначы.

Пасварыўшыся з гаспадарамі, забілі  65-гадовага гаспадара, яго 34-гадовую нявестку і яе 52-гадовую знаёмую.

Каб схаваць сляды злачынства, кватэру падпалілі ды кінуліся на ўцёкі, прыхапіўшы з сабой хлопчыка, які таксама жыў у кватэры.

 

Злачынцы імкнуліся з’ехаць як мага далей ад Гродна, спынілі таксі і, збіраючыся разлічыцца скрадзеным кампутарам, прапанавалі кіроўцы адвезці іх у Мінск або Маскву.

Таксіст адмовіўся і ледзь не паплаціўся за гэта жыццём: паранены нажом ён змог збегчы.

Затым забойцы паспрабавалі ўгнаць “Аўды-80” на вуліцы Пестрака, аднак змаглі толькі скрасці з салона правы кіроўцы і дакументы на машыну.

Пасля гэтага злачынцы з дзіцём накіраваліся ў кватэру аднаго з іх, каб вырашыць, што рабіць далей.

Тут іх і затрымала міліцыя.

 

Забойцам на момант учынення злачынства было 29 і 28 год.

Абодва ўжо траплялі ў суд за разбой і махлярства.

Пракурор папрасіў для абодвух абвінавачаных смяротныя прысуды. Суд пагадзіўся.

Самі яны падчас працэсу  маўчалі.