ЧАМУ ПЧОЛЫ НЕ ПЫРХАЮЦЬ?
Унутры мяне сустракае народны ансамбль з трох чалавек, які весяліць усіх смешнымі танцулькамі, ігрою на гармоніку і іншых народных інструментах, назву якіх я нават не ведаю. Заглядзелася. Але ж мне патрэбны адказ!! Вакол мяне толькі ярмарка з рознымі шарсцянымі, драўлянымі, шклянымі, фарфоравымі, бурштынавымі, срэбранымі вырабамі. І раптам вось ён! Прыгожы і багаты мядовы свет. Калі казаць сумленна, то я ніколі не бачыла столькі мёду! Гэта самая сапраўдная мядовая феерыя! Тут сабраліся пчалаводы са усёй Беларусі і СНД! Яны дык напэўна ведаюць, чаму пчолы ніколі не хварэюць і маюць такое моцнае здароў’е. Спрабуючы мёд, які можна каштаваць усім жадаючым, я задала сваё першае пытанне:
– Дык чым такім каштоўны мёд?
– Мёд вельмі добры сродак, які павышае імунітэт. Некаштоўнага мёду не бывае! Ад сорта мёду залежаць яго лекавыя якасці. Так, напрыклад, мёд з грэчкі самы лепшы сродак пры анеміі, авітамінозе і малакроў’і. Мёд з акацыі выкарыстоўваюць для лячэння вачэй, каб спыніць гарачку, пры цукравым дыябеце, ён не выклікае алергічных рэакцый. Мёд з глогу дапамагае пры сардэчных хваробах. А ліпавы мёд будзе самым лепшым памочнікам у час прастуды.
– А які мёд больш каштоўны: у сотах, ці расфасаваны?
– Гэта не мае ніякай розніцы. Проста мёд з сотаў стэрыльны, чысты. А калі мёд фасуецца, то ён горшым ад гэтага не робіцца, але ўсё ж такі не захоўвае той чысціні, як у рамцы. Мёд у сотах здабыць цяжэй, бо пчолку немагчыма прымусіць рабіць прыгожыя цвёрдыя соты, таму такі мёд больш дарагі.
– Як адрозніць сапраўдны мёд ад падробнага?
– Адказ на гэтае пытанне нам дапаможа знайсці толькі прафесійная лабараторыя. І калі вы чуеце, як пчаляры выхваляюцца тым, што могуць адрозніць сапраўдны мёд адным толькі позіркам, я раю вам не давяраць такім людзям. Гэта немагчыма! Вядома толькі, што сапраўдны мёд павінен трошкі пяршыць у горле.
– А які ж мёд самы смачны? … Адказу на гэтае пытанне я так і не знайшла, таму што на густ і колер няма сяброў. Больш за ўсё мне спадабаўся мёд з грэчкі. На выставе можна не толькі пакаштаваць, але і купіць любы мёд. Прыходзьце і выбірайце той, які найсмачнейшы для вас. Цяпер мне зразумела, чаму пчаляры такія добрыя і здаровыя! Мёд – сродак ад усіх хвароб! А калі ёсць здароў’е, то настрой будзе заўсёды прыемным, нягледзячы на розныя жыццёвыя падзеі. Ешце мёд і будзьце здаровыя!
Фота аўтара