Гродзенскі клон піцерскага гурта

Слухаючы дэбютны альбом добра вядомага ў Гродне і ваколіцах гурта “Некоторое Отсутствие Пуговиц”, увесь час здаецца, што слухаеш колішні ранні “Сплин”. Гурты падобныя музычна, тэкстава і нават па манеры спеву вакалістаў Вані Пачывалава ды Аляксандра Васільева. У пэўных момантах адрозніць іх сапраўды немагчыма: паслухайце хаця б “Завтра будет море”. Гэта адначасова плюс і мінус: узор выбраны годны, але другаснасць надта відавочная. “Гузікам” не хапае пакуль што нейкай уласнай фішкі, якая дазволіла б адрозніць гродзенскі клон ад піцерскага арыгінала, а ў будучыні – выйсці на цалкам самастойны шлях.

 

Падчас праслухоўвання цешыць прыстойная, хаця і так вельмі далёкая ад ідэалу, якасць запісу, цэласнасць і арганічнасць гучання, вельмі прыемная і нават расслабляючая рытм-секцыя. Асабліва хочацца адзначыць абсалютна хітовы трэк “Просто”, які лёгка можа трапіць у ратацыю любога радыё, рэдакцыя якога хоць троху сябе паважае. З музычнага пункту гледжання нельга абмінуць і крыху нават псіхадэлічнае “Интро”. Прыемна выглядае густоўна-мінімалістычная вокладка (праўда, не зусім зразумелая яе сувязь з назвай альбома).

 

Наздвычай прыемна бачыць сярод асоб, якія ўдзельнічалі ў запісе, знаёмыя прозвішчы сапраўды добрых гродзенскіх музыкаў, за супрацоўніцтва з якімі “Гузікам” – асобны дзякуй. Клёва таксама тое, што альбом выкладзены для легальнага спампоўвання ў сеціве, бо сёння ўжо кожнаму павінна быць зразумела, што гэта адзіная магчымасць хоць неяк данесці сваю музыку да слухачоў. Не пашкадуйце пару рублёў, каб заплаціць за працу гурта.

 

Апошні мінус: надта кароткі час гучання: усяго 36 хвілін, з гэтага вартых песен, якія б заставаліся ў памяці – добра, калі будзе тры. Гэта ўсё ж такі малавата, каб застацца ў памяці кагосьці, хто слухае “НОП” па якой-небудзь іншай прычыне, чым лакальны гродзенскі патрыятызм.

 

Здаецца, у абранай стылістыцы гродзенцы не маюць зараз ніякіх канкурэнтаў у нашай краіне. А таму варта ўслед за нядаўняй удалай спробай “Кальяна” рвануць у сталіцу. “Некоторое Отсутствие Пуговиц”, вядома, гучыць усё яшчэ даволі правінцыйна (калі не сказаць больш – занудна), але “Кошкино Время” – крок у добрым кірунку.

 

Добра калі не апошні. Поспехаў!

 

Гурт: Некоторое Отсутствие Пуговиц

Альбом: Кошкино Время

Год: 2011

Стыль: рок/індзі

Дзе ўзяць: http://freeasabird.ru/releases/nekotoroe_otsutstvie_pugovic_koshkino_vremya_2011.html

Прыватная ацэнка: 6/10 (гэта пакуль што, але патэнцыял – ого-го!)