Проста хлопчык Бора Маісееў

|

У межах юбілейнага туру перад гарадзенскай публікай выступіў Барыс Маісееў. Заслужанага артыста Расіі Гродна сустрэў аншлагам.


Выдатны гук, якаснае асвятленне, захапляючыя танцавальныя нумары і папулярныя хіты ў выкананні вядомага артыста – усё гэта стала пікантным напаўненнем яскравага шоў, якое адбылося ўчора 30 сакавіка на сцэне Лядовага палацу.

Юбілейны тур, прысвечаны свайму 55-годдзю, вядомы артыст распачаў канцэртамі ў Нью-Йорке, Маскве, некаторых гарадах Еўропы, а скончыць вырашыў у роднай Беларусі. Барыс Маісееў нарадзіўся ў Магілёве і пра свае карані не забывае: слова «Беларусь» за паўтары гадзіны выступлення прагучала разоў 20, не менш. Акрамя незабыўнага шоў, «Борка Маісееў» парадаваў публіку трапнымі жартамі ў свой адрас і на тэму свайго юбілея, не пакінуўшы без увагі і сусветны эканамічны крызіс, пераадолець які, па словах артыста, «нармальнаму» беларускаму народу дапаможа «картошечка и сальце».

Феерычнае відовішча распачаў эфектны выхад танцораў балету Барыса Маісеева. «Прэм’ер-балет» пад кіраўніцтвам самога спявака, танцоўшчыка і харэографа Маісеева з’яўляецца ўладальнікам залатога медалю конкурсу ў Монтэ-Карла, лаўрэатам спецыяльнай Лонданскай каралеўскай прэміі, двойчы лаўрэатам расійскай прэміі «Авацыя».

«Запаліць зал» Маісееву, аднак, удалося не адразу. Відаць, таму што песні напачатку гучалі новыя і не ўсім вядомыя. Тым не менш, у другой палове канцэрту публіка расшавялілася: партэр напяваў знаёмыя мелодыі, трыбуны актыўна размахвалі рукамі, а танцпол жыва прытанцоўваў у такт. Падчас гучання апошняй ў праграме і найбольш вядомай песні Маісеева «Голубая луна», якую ён калісьці выконваў дуэтам з Мікалаем Трубачом, публіка апладзіравала стоячы.

Таццяна Данчышына

Фота аўтара