Дрэва Паэзіі з’явіцца ў Крэве

|

На полі Магераў і будзе пасаджана Дрэва Паэзіі-2011, якое літаратары вырашылі прысвяціць паэту Ўладзіміру Някляеву.

Адрадзіць традыцыю паэтычных дрэваў Беларусі вырашылі сябры Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Мэта праекта «Дрэва Паэзіі» — стварыць у Беларусі новыя знакавыя кропкі, каля якіх будзе дарэчным гаварыць пра Літаратуру. Першае паэтычнае дрэва з’явіцца ў гонар Уладзіміра Някляева.

Намесніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Марыя Мартысевіч:

– У траўні атрымалі ліст ад гішпанскіх паэтаў, якія прапанавалі зрабіць маленькую паэтычную акцыю. Ідэі яны апісвалі розныя, у тым ліку і Дрэва Паэзіі.

Я адразу загарэлася, бо ідэя Дрэва, на мой погляд, найбольш адпавядае духу, атмасферы Беларусі.

Акурат тады Някляеў быў у судзе, і мы вельмі хацелі падтрымаць яго. Тады не паспелі, але робім гэта зараз.

Ідэя даволі аб’ёмная. Калі ўсё складзецца – будзем рабіць такую акцыю раз на год, збіраемся прымеркаваць да Дня зямлі.

У нас вельмі шмат паэтаў, якіх можна сімвалізаваць праз дрэва – Караткевіч, Барадулін… Сімвалаў хапае, а мы хочам увасобіць іх у пэўных фізічных дрэвах.

Такія дрэвы ўжо з’яўляюцца, а ўвогуле яшчэ ў 19 стагоддзі ў шляхецкіх парках раслі дрэвы, прысвечаныя вялікім паэтам, узгадаем хаця б дуб Адама Міцкевіча.


Падрабязнасці падзеі арганізатары да апошняй хвіліны трымаюць у сакрэце, аднак папярэджваюць, што пасля літаратурнай імпрэзы ў цэню Дрэва Паэзіі адбудзецца пікнік, так што бярыце з сабой пачастунак.

 

Імпрэза распачнецца а 12-ай гадзіне на на прыватнай тэрыторыі, таму просьба да ўсіх удзельнікаў паводзіць сябе далікатна, праходзячы да месца акцыі праз падворак.

 

З Мінску ў Крэва можна трапіць на маршрутцы, а вось гродзенцам давядзецца паклапаціцца пра даезд прыватным чынам: мікрааўтобусы, якія адпраўляюцца да Крэва з аўтавакзала, па суботах не ходзяць.

Дадатковую інфармацыю пра імпрэзу можна атрымаць па тэлефонах (029) 6404679, (029)7508870.