«Мадэм», які стварае электронныя вёсачкі
Кіруе ім Валянціна Суворына, і нашыя пытанні – да яе.
alt=”suvorina” >
– Валянціна Іванаўна, чым сёння жыве «Мадэм», якія мэты, так бы мовіць, пераследуе?
– Асноўнай мэтай нашай арганізацыі, якая мае статус абласной, з’яўляецца правядзенне інтэрнэт-трэнінгаў для шырокай грамадскасці. Ліда, Ваўкавыск, Слонім, Масты, Навагрудак і не толькі – гэта гарады, у якіх ёсць нашыя пляцоўкі. А цэнтральная пляцоўка, вядома, у Гродна. Наш офіс – інтэрнэт-цэнтр у бібліятэцы Карскага.
Даведка: У інтэрнэт-цэнтры 5 кампутараў, напрацягу працоўнага дня кожны жадаючы можа прыйсці і папрацаваць у інтэрнэце па даволі прывабным кошце, усяго 900 рублёў за гадзіну. Усё гэта заслуга ГА «Мадэм» і асабіста спадарыні Валянціны. Наведвальнікаў вельмі шмат, кампутары занятыя амаль увесь час. Прычым, карыстаюцца паслугамі цэнтра не толькі студэнты, а і людзі больш сталага ўзросту. А у бліжэйшы планах – правядзене семінараў-трэнінгаў для пенсіянераў!
– Чаму менавіта для пенсіянераў?
– Вельмі часта інтэрнэт патрэбны ім для таго, каб падтрымліваць сувязь са сваякамі, што жывуць за мяжой, і каб чытаць газеты on-line. Гэты семінар мы будзем ладзіць сумесна з «Польскай матеж школьнай». Нядаўна ў нас ладзіўся цікавы семінар па эфектыўным пошуку працы за мяжой пры дапамозе інтэрнэту. Семінар мы праводзілі па замове Міжнароднай Арганізацыі Міграцыі і разлічаны ён быў на тых людзей, якія мелі нейкія праблемы пры працаўладкаванні за мяжой: рабства і г.д. Самі трэнінгі праводзяць нашы знаўцы інтэрнэту, сярод іх самы лепшы, бадай, наш сістэмны адміністратар Уладзь Гапонік.
– А што цікавага ладзіць «Мадэм» для студэнтаў?
– Трэнінгі па інтэрнэт-навігацыі, пошуку па ключавых словах. Але апошнім часам гэта адбываецца не так часта. У сярэдзіне дзевяностых, калі цэнтр толькі адкрыўся і знаходзіўся ў Медуніверсітэце, ледзь не цэлымі днямі даводзілася навучаць групы прынцыпам працы, бо тады амаль ніхто яшчэ і не ведаў, што гэта такое – інтэрнэт. Акрамя менавіта трэнінгавай дзейнасці, мы здзяйсняем і разнастайныя праекты. Гэта праца таксама цесна звязаная з інтэрнэтам.
Сёння сумесна з нашай партнерскай арганізацыяй у Польшчы здзяйсняем валанцёрскі абмен па сістэме EVS (European Volunteer service). Удзельнічаць у абмене можа моладзь ва ўзросце ад 18 да 25 год. Мы прапануем валанцёрскую працу ў адным з польскіх летнікаў. Доўгатэрміновая праграма доўжыцца ад 4 да 6 месяцаў, а кароткатэрміновая – месяц. Валанцёры там знаходзяцца на поўным забеспячэнні.
– На якія яшчэ групы шырокай грамадскасці накіравана ваша дзейнасць?
– Сумесна з чэшскімі партнерамі працуем па абмене досведам паміж супрацоўнікамі бібліятэк. Праект аказаўся вельмі цікавым як для беларускага боку, так і для чэшскага. Але, бадай, галоўным накірункам з’яўляецца праца са школьнікамі старэйшых класаў і іх настаўнікамі.
Яшчэ ў 1995-ым годзе мы распачалі фармаванне школьнай суполкі. Гэта быў наш першы праект. Сёння гэта ўжо сталая база для супрацоўніцтва. Удзельнічаюць школы з розных гарадоў, а вёскі адгукваюцца нават больш актыўна, для іх гэта як глыток паветра! У школы мы прыязджаем самі, праводзім трэнінгі. Вывучаем, напрыклад, тэхніку стварэння вэб-сайтаў, а пасля па рассылцы абвяшчаем конкурс на лепшы сайт. Так ствараюцца нашыя «электронныя вёсачкі». Дасылаюць сайты і пра музыку, і пра веласіпеды. Кожны раз удзельнічае каля 50-ці канкурсантаў. Аднойчы перамог такі файны сайт! Зрабіў яго хлопчык з вёскі. Мы накіраваліся ў тую вёску, аказалася, што там нават школы няма, бо вучняў у вёсцы ўсяго два, і яны наведваюць бліжэйшую школу да іх населенага пункта. Зараз той таленавіты хлопчык ўжо студэнт, навучаецца менавіта на кампутарных тэхналогіях.
– Як на Вашу думку, што ад гэтага атрымліваюць самі школьнікі?
– Па-першае, развіццё. Па-другое, праз удзел у міжнародных праектах яны знаёмяцца са светам, наведваюць розныя краіны, знаходзяць там сяброў. І па-трэццяе, гэта каласальная моўная практыка. У асноўным усё, што звязана з міжнароднымі праектамі адбываецца на англійскай мове. Менавіта таму мы вельмі зацікаўлены ў кантактах з маладымі людзьмі, якія ведаюць замежныя мовы і маглі б дапамагаць школьнікам разбірацца з праектамі.
– Якія яшчэ праекты рэалізуюцца сёння?
– Хутка едзе наша дэлегацыя ў Амерыку ў межах праекту з амерыканскімі партнерамі IEARN. Напрацягу праграммы дзеці вучацца напаўняць інфармацыяй рэсурсы, а настаўнікі ім ў гэтым дапамагаюць. То бок, дапамагаюць засвоіць такія прынцыпы, як карэктнасць, культурнасць і г. д. Сумесна з «Таварыствам беларускай школы» мы плануем новы праект «Камунікацыя». Ён мусіць быць заснаваны на абсалютна новай тэхналогіі, калі адначасова будзе стварацца тэматычны рэсурс і праз мадэратара настаўнікі будуць працаваць з дзецьмі. Прысвечана ўсё гэта будзе правам чалавека.
Штогод у кастрычніку мы збіраем выяздную каферэнцыю. Па рассылцы запрашаем да ўдзелу ўсіх, хто нас цікавіць. Для нас важна, каб атрыманыя веды ўжываліся пасля і перадаваліся далей. А вынікі працы мы назіраем самі, бо цесна супрацоўнічаем з гэтымі арганізацыямі і суполкамі, рэалізуем сумесныя праекты. Увогуле, інфармацыя пра мерапрыемствы, трэнінгі распаўсюджваецца толькі праз рассылкі па розных накірунках: настаўнікі, бібліятэкары, актыўныя жанчыны, студэнты, школьнікі. А калі праходзіць нешта агульнацікавае, то паведамленне атрымліваюць усе.
P.S. Для таго, каб атрымліваць рассылку, пра падзеі, якія цікавяць асабіста вас неабходна наведаць офіс арганізацыі і пакінуць свой адрас, вядома, электронны.
Дар’я Фядотава