Сабекошт паездкі ў гарадскім транспарце не меньш за 1200 рублёў
З тае пары кошт паліва ўзнімаўся 2 разы, а талон па-ранейшаму каштуе 700 рублёў.
У сітуацыі, калі даражэе ўсё, людзі імкнуцца там, дзе магчыма, сэканоміць любым чынам.
Ездзяць “зайцам”, усю дарогу з талонам у руцэ стаяць побач з кампостарам, каб паспець закампасціраваць, пакуль увойдуць кантралёры, альбо, выходзячы з аўтобуса, перадаюць выкарыстаны талончык наступным пасажырам ці проста пакідаюць на крэсле.
Мала хто аплочвае праезд на першых і апошніх рэйсах альбо на апошніх кіламетрах аддаленых маршрутаў №№ 15, 25, 9…
Хаця мае знаёмыя “зайцы” звычайна тлумачаць сваё нежаданне набываць талон не нястачай, а тым, што “дзяржава мяне ўсё жыццё падманвае“.
– Усё гэта адбіваецца на нас, – кажа начальнік планавага аддзела Гродзенскага аўтапарка Людміла Малевіч.
Гэта і наш заробак, і абнаўленне парка. У нас самы нізкі заробак у рэспубліцы, вобласці, горадзе, цякучка.
Мы разумеем, што людзям цяжка, але тарыфы і так моцна стрымліваюцца.
Толькі за май за безбілетны праезд у Гродне было затрымана 2147 пасажыраў.
Толькі 690 з іх аплацілі штраф на месцы, яшчэ на 335 чалавек складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Убачыўшы, якая колькасць гродзенцаў усяляк пазбягае аплочваць праезд, аўтапарк пайшоў на новаўвядзенне.
Ад нядаўна гродзенскія кіроўцы пачалі прывучаць пасажыраў уваходзіць у аўтобус праз пярэднія дзверы, прад’яўляючы праяздныя дакументы альбо набываючы талончык.
Робіцца гэта выключна ў пазапікавы час – рана раніцай і позна ўвечары, калі невялікая колькасць пасажыраў гэта дазваляе.
Апошні раз кошты на праезд у гарадскім транспарце ўзнімаліся 2 красавіка (з 600 да 700 рублёў).
Відавочна ў бліжэйшы час праезд зноў падаражае.
Міністэрства эканомікі яшчэ ў канцы красавіка абмяркоўвала мэтазгоднасць павелічэння кошта талона да 800 рублёў, Гродзенская вобласць выходзіла з прапановай падвысіць яго кошт да 1000 рублёў.
Рашэнне пакуль не прынятае.
Фота з сайта http://www.b-g.by