За гонар Гродна змагаюцца дзяўчаты

|

Яшчэ некалькі год таму ў Беларусі не было роўных баскетбольнаму «Гродна-93», у ліку топ-каманд быў валейбольны «Камунальнік». Зараз нашыя баскетбалісты ідуць у турнірнай табліцы чэмпіянату трэцімі і наўрадці складуць канкурэнцыю ў барацьбе за «золата» сталічным «Мінску-2006» і «Віталюру».

alt=”Valiancina-Gryhorieva” >

Валейбалісты «Камунальніка» ўвогуле змагаюцца сёлета толькі за 5-8 месцы. Даўно не радавалі сваіх прыхільнікаў высокімі месцамі футбалісты ды хакеісты. Таму спартыўны гонар горада зараз бароняць найперш гарадзенскія дзяўчаты. Калі да перамогаў летніх хакеістак з «Рытму» усе прызвычаіліся, то баскетбольная «Алімпія» толькі ў апошнія гады пачала змагацца за найвышэйшыя ўзнагароды. Вось і сёлета нашая каманда вядзе зацятую барацьбу за залатыя медалі з барысаўскай «Бярэзінай». Годна змагаюцца з куды больш дарослымі суперніцамі і гарадзенскія юніёркі з «Вікторыі».

У эліту беларускага спорту летась уварвалася гандбольная «Гараднічанка», якая ўпершыню стала чэмпіёнкай краіны. Сёлета нашыя дзяўчаты маюць добры шанс паўтарыць свой поспех, калі адолеюць традыцыйных суперніц са сталічнага БНТУ. Удалым можна прызнаць сёлетні сезон і для валейбалістак «Нёмана». Нашая каманда дайшла да паўфіналу чэмпіянату краіны, дзе ва ўпартай барацьбе саступіла больш дасведчанаму баранавіцкаму «Атланту». Цяпер гарадзенкі пазмагаюцца за бронзавыя медалі з магілёўскім «Камунальнікам».

В. Дрэма

Фота Яраслава Ванюкевіча

На здымках:

гарадзенскае «дэрбі»: «Алімпія» супраць «Вікторыі»

у атацы Валянціна Грыгор’ева з «Гараднічанкі»