Як гарадзенцы адзін аднаго падманвалі

|

Першынство ў намінацыі «Самы прыкольны першакрасавіцкі жарт» трэба аддаць вядучаму «Жывога журнала» prosto-free. Матэрыял са спасылкай на яго публікацыю пра тое, што ў Гродна з Паўднёвай Афрыкі прывезлі самалётам сланоў, некалькі гадзін правісеў нават на сайце дзяржаўнага агенцтва навінаў БЕЛТА.

>

Байка была складзена вельмі праўдападобна: заапарк сапраўды плануе набыць слана. Вось толькі слон на фотаздымку нібыта ў Каробчыцах выглядаў крыху ненатуральна. Ды і інфармацыя пра тое, што сланоў у Паўднёвай Афрыцы развялося столькі, што ім пагражае выміранне, таксама выклікала сумневы.

На гэта, аднак, не ўсе звярнулі ўвагу. Так што жарт сапраўды атрымаўся! На гэтым фоне жарт сайта «Гродзенскай праўды» пра «клонированного Чебурашку» («билет дешёвый – спрашивайте в профкомах»), якога таксама нібыта прывезлі ў гарадзенскі заапарк выглядаў бляклым ценем.

Другое месца можна аддаць жарту «Радыё Гродна» пра выпадкова знойдзенае пад горадам у час будаўнічых прац радовішча нафты. У гэтым выпадку, аднак, журналісты былі больш асцярожнымі і на жарт не «павяліся».

Трэцяе месца аддамо сайту football.by. Яго жарт пра тое, што футбольны клуб «Нёман» можа перайсці «пад крыло» міліцэйскага «Дынама» не на жарт усхваляваў заўзятараў як «Нёмана», так і другой гарадзенскай каманды – «Дынама-Белкард», якая пры такім раскладзе губляла магутнага спонсара.

«С пивом в зону. Нет резона»

А гэта ўжо «не жарт» ад той жа «ГП» наконт абвяшчэння парку Жылібера з 1 сакавіка «зонай цвярозасці».

Рашэнне гарадзенскага аблвыканкама мае падштурхнуць гарадзенцаў да здаровага ладу жыцця. Забяспечваць выкананне рашэння маюць міліцыянты і …БРСМ, якія будуць праводзіць «прафілактычныя размовы» з парушальнікамі, г. зн. з тымі, хто наважыцца пасядзець у парку з пляшкай піва.

Змагацца з алкаголем – сапраўды вельмі важная задача, якая патрабуе скаардынаваных дзеянняў дзяржавы і грамадскасці. Стварэннем «зонаў» тут не дапаможаш – лепш бы ўжо ўзнялі кошты на алкаголь ды забаранілі яго распіванне ва ўсіх публічных месцах, як гэта зроблена ў многіх краінах. А так атрымліваецца звычайная «паказуха» з сумнеўным эфектам.

В. Дрэма