Выпускныя балі школьнікаў у Гродне пройдуць у “ноч цвярозасці”
Адпаведнае рашэнне прынята яшчэ 3 чэрвеня старшынём гарадзенскага гарвыканкаму.
Забараняецца таксама ўжыванне алкаголю ў час выпускных вечароў, якія пройдуць у школах горада, а таксама ў некаторых кавярнях і рэстаранах.
Між тым, у час складання замоваў на святочныя банкеты ў некаторых месцах бацькоў абавязвалі закладаць у каштарыс па 200 грамаў шампанскага на ўсіх удзельнікаў свята. У тым ліку – на выпускнікоў.
У выніку ў некаторых класах збіралі больш як па сто тысячаў з кожнага чалавека на святочны стол.
Традыцыйная сустрэча выпускнікамі світанку паводле гэтага ж рашэння гарвыканкаму павінна адбывацца толькі ў прысутнасці педагогаў і бацькоў.
11 чэрвеня выпускнікі гарадзенскіх школаў, гімназій і ліцэяў атрымаюць пасведчанні аб сканчэнні сярэдняй адукацыі.
У гэты ж дзень старшыня гарвыканкаму Барыс Казялкоў узнагародзіць у тэатры лялек выпускнікоў-медалістаў.
Сярэднюю школу ў Гродне скончылі сёлета каля 3 тыс. юнакоў і дзяўчат.
На здымку: апошняя лінейка для выпускнікоў гарадзенскага ліцэю № 1.