Гарадзенскія арнітолагі акальцавалі сакалят на Бернардынскім касцёле
З мінулага года назіраць за жыццём знакамітай гарадзенскай сакалінай пары – Стэфана і Алены, можна ў рэжыме анлайн з дапамогай вэб-камеры.
Птушынае гняздо знаходзіцца за статуяй Святой Алены на касцёле Ўзвышэння Святога крыжа (былым Бернардынскім) у самым цэнтры горада.
“Аперацыя” у Бернардынскім касцёле праходзіла ўранку 6 чэрвеня.
Вось як апісвае гэтую падзею кіраўнік абласнога аддзялення арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзмітрый Вінчэўскі:
“- Ужо каля самага гнязда чуем нягучныя пакрыкванні галодных птушанят.
Здымаем раму акна з камерай і з гнязда з крыкамі адлятае самка Алена.
На гняздзе 4 невялікія сокалы. Не гледзячы на памеры, яны вельмі хуткія і мы, як ні стараліся, так і не змаглі злапаць аднаго з птушанят – ён уцёк за статую і потым з бяспечнай адлегласці пазіраў на нас.
Тры астатнія птушкі былі злапаныя, і, не гледзячы на вельмі гучныя крыкі адной з іх, былі акальцаваныя.
Калі з імі нічога не здарыцца, прыкладна праз тыдзень яны змогуць пачаць свае першыя палёты. А потым будзем чакаць іх у госці – з кольцамі на нагах мы іх пазнаем паўсюль”.
Як паведаміў “Твайму стылю” сп. Вінчэўскі, сёлета ў гняздзе Стэфана і Алены было шэсць яек.
Прычынай таго, што вылупіліся толькі чатыры птушаняты, маглі стаць будаўнічыя працы, якія распачаліся ў касцёле і маглі парушыць спакой птушак.
Апроч гнязда на касцёле, сёлета гарадзенскія арнітолагі назіраюць таксама за новымі гнёздамі, якія з’явіліся на Дзевятоўцы і на вул. Славінскага.
Адсачыць лёс акальцаваных птушак будзе складана.
Вялікая колькасць маладых сокалаў гіне ў першыя месяцы жыцця. Тыя ж, што выжываюць, у выпадку вяртання з выраю могуць сяліцца ў радыюсе 50 км. ад гнязда, дзе нарадзіліся.
Фота і відэа: birdwatch.by