Простыя словы – не простыя рэчы
Паважаныя чытачы! Заўважце, якія дзівацтвы адбываюцца ў нас пад носам: нам усё пытаюцца растлумачыць і даказаць, што ў нашай дзяржаве крызісу няма, што народ жыве ад года да года ўсё лепш і лепш. Толькі вось сам народ не хоча гэтага разумець, і не зусім згодны з такімі выказваннямі. Ці гэта дрэнна тлумачаць, ці гэта народ такі ўпарты папаўся…
Каб даведацца дакладней аб гэтым, мы запыталі саміх людзей: ці ўплывае на іх сусветны (нават не беларускі) фінансавы крызіс і што яны намераны рабіць у будучыні, каб гэтага не адбылося, ці каб памягчыць яго наступствы. Фатаграфавацца, праўда, згадзіліся далёка не ўсе, але яснасць і дакладнасць іх разважанняў аказаліся яскравей за любы фотаздымак.
«Не, не пытай мяне…»
Спачатку, канешне, не вельмі шанцавала: людзі спяшаліся (ці рабілі выгляд, што спяшаюцца) і не хацелі адказваць на нашыя пытанні. Ужо збіраліся з надзеяй даганяць нейкага дзядка, але глядзім – ідзе мужчына з маленькім хлопчыкам. Ну што, паспрабуем запытацца ў яго. І як аказалася – паспяхова.
«О.К, тут усё О.К, толькі дыхаць мне з кожным днём цяжэй…»
alt=”Alex” >
Аляксей: Крызіс ужо ўплывае, у фінансавым плане. Паступленні на працы зменшыліся, таму прыходзіцца на шмат чым эканоміць, каб звесці канцы з канцамі. У будучыні планую большую асцярожнасць, стварэнне спецыяльнага фонду на ўзроўні як сям`і, так і прадпрыемства. Каб было куды потым «руку засунуць». Жыць неяк трэба.
«Ай-яй-яй, а паеду я ў Кітай…»
Вось, хто былі вельмі насцярожанымі, дык гэта жанчыны. Не ўсе, праўда, але ў большасці. Толькі і яны потым з захапленнем пачыналі распавядаць пра свае праблемы.
Таццяна: У цырульню, дзе я працую, кліенты перасталі ісці, і гэта добра адчуваецца. Прадпрыемствы стаяць, у крамах няма ніякага абароту. Грошай няма, прадпрыемствы іх не выплочваюць, і ўсе мы сядзім на месцы. Вось, іду са сходу ў гарвыканкаме, дзе падымалася гэтае пытанне. Прадукцыю трэба сваю, гарадзенскую, набываць, па ніжэйшым сабекошце. Такая «барацьба» пачынаецца ў нас у горадзе. Барацьба за правядзенне ярмарак, за скідкі. У гэтым, напэўна, была б палёгка для збыту тавараў. Крама майго брата рушыцца на вачах, пры тым прадуктовая… І ўсяго за паўгады. Абароту ніякага. А ў мяне на працы па адным-два кліенты ў дзень – гэта што, нармальна? Раней было значна больш.
«Пазіраем навокал, пачуцці свае выключаем, і трымаем надзею ў халодных, дрыготкіх руках…»
Знайшліся і такія, каму мора па калена (але фатаграфавацца чамусьці адмовіліся).
Андрэй (мужчына гадоў трыццаці, ціхі такі, вельмі стомлены, нават замучаны): На мяне крызіс не ўплывае. Гэта пытанне такое, як каму: на каго ўплывае, на каго – не. Закране, але не ўсіх, я так лічу. У асноўным дакранаецца прадпрыемстваў. А тыя, хто працаваў на сябе, тыя будуць працягваць зарабляць. Можа, нават, гэта пойдзе на карысць – больш розуму з`явіцца.
«Можа быць, яшчэ крок – і ў бездань, мы глядзім у твар бядзе…»
Праз парк прагульваецца пара: відны, грузны мужчына гадоў за сорак і, відаць, яго жонка, якая вырашыла адмаўчацца.
Леанід выдаў вельмі жорсткую тыраду: Ды ён на ўсіх уплывае, а ў Беларусі, дарэчы, больш усяго. Чаму? А таму! Таму што ў нас яго няма, крызіса гэтага! Паглядзіце на народ, ён усміхаецца? Не? А калі б не ўплываў, усе хадзілі б і ўсміхаліся. І што тут можна зрабіць? Завод стаіць, што ж зробіш? А эканоміць на чым? Ну, куртку сабе не купіш, у старой паходзіш, але есці трэба, за кватэру плаціць трэба, а кошты, між іншым, растуць. Што будзе далей нават думаць не хачу – у гэтым годзе будзе яшчэ горш.
«Гэта ўсё не навечна з намі, гэта ўсё дастаткова часова…»
Каб крыху адыйсці ад папярэдняй размовы, падыходзім да дзвюх прыемных жанчын у добрым у гуморы.
Алена і Ядзвіга (якое прыгожае імя!): Крызіс ужо паўплываў у фінансавым плане. У маральным – пакуль не, яшчэ трымаемся, а вось заробак упаў, таму і магчымасці зменшыліся. Прыходзіцца больш эканоміць. Намагаемся часцей у тэатр хадзіць – самі сябе падбадзёрваем. Вось былі на канцэрце парадыста Рэгушынскага, у тэатр збіраемся ісці на гала-канцэрт – усё за кошт прафкама, сваіх грошай мы, можа, не трацілі б так. У нас прафкам добры, у нейкай ступені падтрымлівае нас. Мы спадзяемся, што хутка сітуацыя зменіцца. Нам што, мы перажылі 90-я, мы прызвычаіліся ўжо да такіх з`яў, а вось вам, маладым, значна цяжэй. Хвалюемся, як гэта на вас адгукнецца. Вось як. Толькі і яны, на жаль, адмовіліся ад фотаздымку…
«Калі ўсё скончыцца і будзе сумна, для нас адкрыецца забыты, новы сэнс…»
Нам пашанцавала: мы натрапілі на сапраўднага музыканта. Цікава, як справы ў высокім мастацтве?
Уладзімір: Вядома, паўплывае, я ж бюджэтнік, і што рабіць, калі з нашга заробку ўсё адсоткі здымаюць. А ў каго дзеці вучацца, у каго – крэдыты. Гэта нас вельмі хвалюе, тым больш з такімі заробкамі… Ды і на ўсіх ён уплывае, вас таксама кране. Нас проста ставяць на калені. Што будзе далей? Усякае бывала, усялякія часы перажывалі. У прынцыпе, жылі і ў такой сітуацыі, калі ў сям`і двое дзяцей, жонка не працуе, а ты адзін корміш усю сям`ю. Толькі вось людзі зусім перасталі хадзіць на канцэрты класічнай музыкі. Іх і раней было не шмат, а зараз, відаць, увогуле не да гэтага. Людзям папсу падавай, каб расслабіцца і ні аб чым не думаць. Крызіс унутры людзей яшчэ страшнейшы, чым любы фінансавы. Ён душы губіць, а гэта выправіць наўрад ці можна…
«Мы сустракаемся, каб потым развітацца, і застаецца неакрэслены працяг…»
Сумна неяк, але паехалі далей.
Зінаіда (жанчына гадоў 45): А што, нехта гаворыць – «не»? На мяне ўплывае, таму што я працую на дзяржаўнай службе, а заробак нам не павялічваюць. Тым больш цяжка, што ёсць крэдыты, і іх трэба выплачваць. Калі раней можна было дазволіць сабе паехаць куды-небудзь у адпачынак, то цяпер задумаешся. Канешне, трэба на чымсьці эканоміць, нейкія расходы ўрэзваць, адмаўляць сабе ў нечым, як для мяне – прыходзіцца адмаўляць у неабходным.
Удалося выхапіць дзяўчыну гадоў 25-ці, Ірыну: Фінансавы крызіс – гэта калі ўжо заробак сканчаецца ці яе не даюць. І ўсё.
«Сярод усіх мажлівых сітуацый жыццё стаіць на запасных пуцях…»
Бачым, стаіць адзінокая дзяўчына і кагосьці чакае. Падыходзім і да яе.
Вольга: На мяне не ўплывае. У першую чаргу ён кране фабрыкі, заводы, міліянераў, часнікаў. Я працую ў заапарку, а з нашымі заробкамі любы крызіс не страшны. Наведвальнікаў менш не становіцца, а рэканструкцыя заапарку, як гэта ні дзіўна, ідзе нават большымі тэмпамі, чым раней, да крызісу.
«Гукам морзэ звязвае сэрцы – усё застаецца…»
Ага, вось ідзе невялічкая кампанія маладых людзей. Адзін з іх – спартсмен. Як аказалася, хакеіст, толькі, калі праўда, я не ведала, што яны такія высокія бываюць. Прыйшлося глядзець знізу ўверх. Было смешна.
Анатоль: Канешне, закрануў, і не толькі мяне. Скарачаецца зарплата, кошты растуць, а якасць тавараў не суадносіцца з іх коштам. Але жыццё сваё кардынальна змяняць не збіраюся: грошай пакуль хапае.
«Мы на беразе мора, якое завецца роспаччу…»
Нагаварыўшыся з гарадзенцамі, добра замерзшыя, вырашылі запытаць апошняга чалавека і, як кажуць, «у дзесятку».
Дзядзька прыняў усё блізка да сэрца: Божа! Глупствамі нейкімі вы займаеціся, на каго што ўплывае. Моцна паўплываў? Збяднелі? Вы што, самі не заўважылі? Такое недарэчнае пытанне задаеце. І што я магу зрабіць супраць гэтай машыны ўсёй. Не, гэта недарэчнае пытанне, гэта не сур`ёзна. Што можа зрабіць просты чалавек супраць усяго нашага апарату? На гэтым крызісе толькі банкі нажываюцца, самі зразумейце. Стаўкі па крэдытам паднялі? Паднялі. Слава Богу, хоць працу яшчэ маем. Прадпрыемствы спыняюцца з-за адсутнасці збыту. І што я магу, просты рабочы, калі хтосьці там, наверсе, нешта не даглядзеў. Што ад мяне залежыць? Нічога. Я проста павінен сумленна выконваць сваю працу, а далей…Будзь што будзе.
«Невядома, што лепей, што горай: кепска лётаць ці добра ўпасці; хтосьці зараз смяецца ад гора, хтосьці плача ад шчасця…»
Вольга Корсун, Юрый Седзянеўскі і цытаты з NRM
спецыяльна для газеты «Твой стыль»