Мова, як падстава для адмены спаткання
Гэта здарылася суткі таму, калі Станіслаў Пачобут прыйшоў на доўгачаканае спатканне з сынам. Прыкладна праз 20 хвілін размова была перапыненая напамінам, што размаўляць варта на адной з дзяржаўных моваў.
Яшчэ праз пару хвілін, але ўжо ад іншага прапаршчыка, прагучаў паўторны напамін: «На польскай нельга!».
– У часе папярэдняга спаткання, якое доўжылася прыкладна 2 гадзіны, – распавядае “Твайму Стылю” Станіслаў Пачобут, – мы размаўляли па-польску, і ніякіх праблем не ўзнікала. На гэты раз папярэджанні пачаліся адразу…
Пасля двух папярэджанняў прапаршчыкаў, прыйшоў афіцэр і спытаў у Анджэя: «Будзеш па-польскі размаўляць?», «Буду», – адказаў сын. На гэтым спатканне і скончылася.
Пры гэтым, эпічнае «Нельга!» не было падмацавана ніякімі тлумачэннямі або дэманстрацыяй адпаведных заканадаўчых палажэнняў.
Я, вядома, дапускаю, што ў такім дзіўным анклаве «законнасці», як РБ, гутаркі бліжэйшых людзей на ўсіх мовах, акрамя дзяржаўных, забароненыя.
Але чаму не прад’явіць адпаведныя «палажэнні» або «пастановы»? Напэўна, бязмежная непавага да правоў грамадзян ахапіла ўсіх – ад маёра (гэта званне, якое прэзідэнту было прысвоена дзяржавай, пакуль ён не павысіў сам сябе да больш прэстыжнага чыну) да прапаршчыка.
Суд над журналістам Андрэям Пачобутам пачнецца ў Гродне 14 чэрвеня. Журналіста вінавацяць у абразе прэзідэнта і паклёпе на яго.
Ілюстрацыя www.gazetaby.com