Пра стыляг, Усход і пошукі сябе

|

Натоўп «нашых» відаць здалёку. Але сёння шмат і новых людзей! А значыць, і канкурэнцыя за прызавыя месцы будзе вышэй. Паўгадзіны, і групы сфармаваныя. Гэтым разам у нашай групе – адныя дзяўчынкі. Вызначанай тэмы ў гульні таксама няма, заданні будуць самыя непрадказальныя, рознапланавыя.

Заданне 1. Бандыцкі завулак.

alt=”fotoohota1″ >

Вось ужо ніколі не думала, што буду трымаць у руках напалову пабітую шкляную бутэльку, накіроўваючы яе на капітана сваёй каманды. Чаго толькі не зробіш дзеля эфектнага кадру!

Заданне 2. Шукаю сябе.

Тут пачаў працаваць метад асацыяцый. Пошук заўсёды пазначаецца ў выглядзе лупы, нават на кампутары. За інвентаром збегалі ва «Універмаг», доўга ўпрошвалі прадаўца канцтавараў зрабіць адзін фотаздымак, але ён натуральна здаўся пад напорам нашай прыгажосці і спакуслівых усмешак. Другое заданне ёсць!

Заданне 3. Стылягі.

З гэтым заданнем прыйшлося нялёгка. Зусім нядаўна быў у пракаце кінатэатраў фільм пад аднайменнай назвай. І трэба было зрабіць кадр крэатыўны, каб яго не палічылі банальным. Раптам убачылі шыльду «Сэканд-хэнд». Тое, што трэба! Вельмі дарэчы адна з дзяўчат прыйшла на фотапаляванне ў сарафане, а з падручных сродкаў зрабілі макіяж, фрызуру. Самы сапраўдны стыляга!

Заданне 4. Вар’яцкія танцы.

Праблема ў тым, што фотаздымак не зловіць рухаў нашага цела. Фотаапарат ловіць момант. Каб нейкім чынам адлюстраваць нашую ідэю (а яна складалася ў тым, каб мы падскокнулі ў адно імгненне і гэта сфатаграфавалі), мы вырашылі зрабіць гэты кадр побач з… будынкам міліцыі. Кадраў было шмат.

Заданне 5. Усход – справа тонкая.

Чаго толькі не знойдзеш у сваёй торбе ў патрэбны момант – нават рулетку! Возьмем за прыклад самую худзенькую дзяўчынку з нашай кампаніі, абвінем шалік вакол яе сцёгнаў, рулетку – на стан, знята!

Заданне 6. Трагікамедыя.

Мабыць, самы бязлітасны фотаздымак на сённяшні дзень, але і самы геніяльны. Небарака памяранец: спачатку яго размалявалі алоўкам, потым пачыкалі ножыкам, а потым раздушылі брутальнай цяжкай падэшвай зімовых чаравікаў!

Фотапаляванне скончылася, хутка – вынікі. Дарэчы, нашая каманда заняла першае месца!

Каця Расюкевіч, паляўнічая