Затрыманыя ў Брузгах удзельнікі акцыі пратэсту чакаюць судоў

|

Хваляванні на беларуска-польскай мяжы пад Гродна пачаліся з 0 гадзін 12 чэрвеня, калі пачалі дзейнічаць пастановы Саўміну “Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі РБ” і “Аб некаторых мерах па абароне спажывецкага рынку”.

 

Усіх, хто перасякаў мяжу апошні раз меньш чым пяць сутак таму, памежнікі накіроўвалі у “чырвоны калідор” для дэкларавання паліва.

Мытнікі ж , адпаведна інструкцыі,  мусілі забараняць гэтым людзям вываз паліва, а аўтаматычна і выезд за мяжу.

У іх дэкларацыях супрацоўнікі мытнай службы пісалі: “Адмоўлена ў выпуску тавараў у адпаведнасці з пастановай Саўміну №753 і рэкамендавана ажыццявіць мытнае дэклараванне паліва на ўнутраным мытным пасту згодна з Мытным кодэксам Мытнага Саюзу”.

Задэклараваць паліва можна толькі ў самім Гродне, аднак, самае цікавае, што нават у гэтым выпадку, кіроўцы, якія перасякаюць мяжу часцей, чым раз на 5 дзён, усё адно не змогуць выехаць з Беларусі на машыне.

 

Па словах відавочцаў, заварочвалі на мяжы практычна кожную другую машыну.

Мужчына, які спрабаваў пераехаць мяжу на падсадцы:

–          Рабіў спробы тройчы, і кожны раз гэтыя машыны вярталі назад, з-за вялікай частаты паездак.

 

Нарэшце, учора каля 18 гадзін кіроўцы перакрылі трасу каля памежнага пераходу Брузгі.

Пасля 19 гадзін пратэстоўцы пачалі пагражаць, што не пусцяць на пост начную  змену памежнікаў і мытнікаў, і, адпаведна, не выпусцяць дзённую.

Памежнікам давялося прадзірацца скрозь шэрагі пратэстоўцаў, але на працу ў 20 гадзін яны трапілі.

Затое з-за натоўпу з 18 да 21 гадзіны ніводная машына (ні легкавая, ні грузавая) не змагла трапіць на пост з беларускага боку.

 

Каля ста кіроўцаў узяліся за рукі, перакрыўшы дарогу.

Усчуваць людзей спрабаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, аднак ніякага выніку не дасягнуў.

У рэшце рэшт супраць людзей быў ужыты АМАП.

Каля 20 гадзін, скарыстаўшыся слезацечным газам, амапаўцы выціснулі пратэстоўцаў на ўзбочыну, некаторых затрымалі.

Рух на мяжы аднавіўся толькі пасля 21 гадзіны.

Каб прапусціць вялізную чаргу машын,  некалькі гадзін працавалі супрацоўнікі мытнай і памежнай службаў адразу дзённай і начной змен.

 

Пытанняў да новай Пастановы і інструкцый, якімі карыстаюцца памежнікі і мытнікі нашмат больш, чым адказаў.

Якім чынам будзе ўлічвацца пераезд беларускай мяжы праз розныя пункты пропуску?

Ці будуць заварочваць з мяжы тых, хто ў папярэднія пяць дзён ездзіў у Польшчу па чыгунцы альбо карыстаўся паветраным транспартам?

Як мытнікі змогуць кантраляваць аб’ём паліва, вывезенага ў баках аўтамабіляў?

 

Фота з сайта http://nn.by