Гродзенскіх цыгарэтчыкаў забароны на вываз не закранулі

|

Асноўным прадметам кантрабанды для тых, хто едзе з Гродна на Кузніцу цягніком, застаюцца цыгарэты.


З учарашняга дня “для забеспячэння эканамічнай стабільнасці дзяржавы і рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на годны ўзровень жыцця” накладзены забароны на вываз з Беларусі шэрагу тавараў, аднак гэта ніякім чынам не паўплывала на бізнес гродзенскіх цыгарэтчыкаў.

 

Мытны кантроль тыя, хто мае білет на цягнік Гродна-Кузніца, праходзяць на гродзенскім вакзале.

Учора, у першы дзень дзеяння новых правілаў, супрацоўнікі мытнай службы запытваліся ў кожнага пасажыра аб тым, што і колькі ён вязе ў торбе.

 

Знаёмы, які ўчора быў у ліку пасажыраў цягніка на Кузніцу распавёў:

-Пасля мытнага і памежнага кантролю ўсіх, як звычайна, запусцілі ў залю чакання.

А там акурат крама Duty free.

І далей усё адбывалася па звычайнай схеме: людзі набывалі беларускія цыгарэты блокамі, цэлая чарга ўтварылася.

А пазней у цягніку “тавар” распіхвалі ва ўсе шчыліны.

Так што ніякіх зменаў я не заўважыў.

 

Між тым, з 12 чэрвеня ўведзены часовыя абмежаванні на вываз з Беларусі за межы Мытнага Саюза мяса птушкі і свініны, цукру, мукі, сыроў, жывёльнага масла, мясных і малочных кансерваў і табачных вырабаў беларускай вытворчасці.

 

Адна асоба мае права свабодна вывезці, да прыкладу, не больш за 1 кг масла, 2 кг цукру, 5 банак кансерваў.

 

За “лішнія” кілаграмы прадуктаў і пачкі цыгарэт неабходна на месцы ўплаціць спецыяльны збор у памеры іх двукратнага сярэдняга кошту.

Сярэднія кошты разлічыла Міністэрства эканомікі.

 

Напрыклад, за пачак цыгарэт з фільтрам звыш нормы цяпер давядзецца плаціць 4000 рублёў, без фільтру – 2360 рублёў, за банку мясных кансерваў (350г) – 14638 рублёў, за банку малочных кансерваў (400г) – 9052 рублі, за кілаграм жывёльнага масла – больш за 43 000, за кілаграм цукру – 10000.

Найдаражэйшыя сычужныя сыры беларускай вытворчасці – 44364 рублі за кожны лішні кілаграм.

 

Аднак самымі прывабнымі для масавага вывазу прадуктамі харчавання распрацоўшчыкі Пастановы Саўміну №755 напэўна палічылі макаронныя вырабы і крупы ў асартыменце (незалежна ад арганізацыі-вытворца).

Іх беларусам увогуле забаранілі вывозіць за межы Мытнага Саюзу.

А разам з імі халадзільнікі і маразільнікі “Атлант”, газавыя пліты Берасцейскай вытворчасці, цэмент і мыйныя сродкі ААТ “Бархім”.

 

Фота з сайта http://www.b-g.by