8 выпадкаў захворвання на Лайм-барэліёз зафіксавана ў Гродне

|

У мінулым годзе, паведамляе БелТА, 17,8% даследаваных кляшчэй у Беларусі былі інфікаваныя барэліямі, клешчавым  энцэфалітам – 5,8%.

Сёлета падобнай статыстыкі пакуль няма.

 

За сакавік-май  у медыцынскія ўстановы звярнуліся  пацярпелыя ад іх укусаў  5837 беларусаў.

У Гродне сітуацыя не самая горшая.

Як паведаміў “Твайму стылю” энтамолаг  Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ад укусаў кляшчоў з пачатку года пацярпелі 336 гродзенцаў, сярод якіх на клешчавы энцэфаліт у гэтым годзе ніхто  пакуль не захварэў.

 

Сярод захварэўшых сёлета ў Гродне на Лайм-барэліёз, частка людзей была інфікаваная яшчэ ў жніўні-верасні мінулага года, назіралася ў паліклініках па месцы жыхарства, і толькі вясной хвароба пачала праяўляцца.

Першы выпадак хваробы быў зарэгістраваны ў лютым.

 

Хвароба Лайма – самая распаўсюджаная з захворванняў, якія перадаюцца кляшчамі.

Раннія праявы – галаўны боль, жар, стома, высыпанні на скуры.

На ранніх стадыях паддаецца лячэнню.

Наколькі цяжкім будзе захворванне залежыць ад многіх фактараў: ступені інфікаванасці самога кляшча, імунітэту пацярпелага і таго, колькі часу клешч правёў, прысмактаўшыся на целе чалавека.

Дактары заклікаюць неадкладна звяртацца ў паліклініку тых, хто знайшоў на сабе  кляшча, каб было магчыма своечасова вызначыць, ці з’яўляецца клешч носьбітам інфекцыі і ці нешта пагражае вашаму здароўю.

Калі развіваецца позняя стадыя альбо хранічная хвароба Лайма, яна можа прывесці да інваліднасці і нават смерці.