У Крэва! На кірмаш і ў валанцёрскі летнік

|

Адна з арганізатарак, Вольга Кастрамінава:

Падрабязны сцэнар фэста яшчэ абгаворваецца з мясцовымі ўладамі.

Аднак ужо вядома, што шмат цікавага рыхтуе Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

Мы хочам сумясціць фальклёр і беларускі андэграўнд, які зараз схаваны.

Спадзяемся, што выступяць гурты «Квецень», «Князь Мышкін», «Нагуаль», «Рацыянальная дыета», «Святкі», «Фолкінэры», «Hoha-band», «The Silicon», сярэдняыечны шэльмоўскі тэатр “ДыГрыза”.

Плануем майстар-класы па народных танцах, гульнях, спевах, рамесніцкі кірмаш.

Сярод мясцовых жыхароў зладзім конкурсы “Крэўская гаспадыня” і “Крэўскі гаспадар” – лепшых гаспадароў на лепшых падворках будуць вызначаць удзельнікі і госці свята.

Конкурсы “Крэўскі князь” і “Крэўская князёўна” вызначаць тых, хто здолее найлепш адлюстраваць асаблівасці крэўскага краю, – праз строй, танец, ці неяк яшчэ. Тут паспрабаваць сябе зможа кожны ахвотны, а пераможцаў абярэм усе разам.


Папярэднічаць “Крэўскаму кірмашу” будзе валанцёрскі летнік “Крэўская вунія – 2011”.

З 1 ліпеня па 15 жніўня арганізатары чакаюць тых, каго цікавяць беларуская культура і гісторыя, і хто хоча сумясціць адпачынак і працу ў цікавай кампаніі.

Жыць валанцёры будуць пераважна ў намётах, добра, калі хто прывязе свае і намёты, і спальнікі.

Нехта зможа размясціцца ў мясцовых жыхароў, ёсць запрашэнне на начлег ад школы, але, па досведзе папярэдніх гадоў, звычайна ўсе ўсё адно перабіраюцца на прыроду.

Ежу будуць гатаваць па чарзе. Арганізатары летніка ўжо пачалі закупаць прадукты.

 

Вольга Кастрамінава:

У першыя гады правядзення валанцёрскіх летнікаў збіралася па 40 чалавек, цяпер звычайна ў летніку адначасова працуе каля 20 чалавек: нехта прыязджае на месяц, нехта  – на тыдзень, нехта толькі на выходныя, людзі змяняюць адзін аднага.

У нас ёсць сталыя ўдзельнікі, якія гэтым разам ужо будуць кіраваць, дапамагаць у арганізацыі.

Прыязджаюць у асноўным студэнты і моладзь да 30 гадоў, ёсць людзі з дзецьмі.

Мы запрашаем усіх, у любым узросце і з любымі здольнасцямі.

Людзі на месцы вучацца і цэмент замешваць і збіраць вусную гісторыю.

Мы запрашаем экспертаў, якія займаюцца гэтым прафесійна, і змогуць навучаць удзельнікаў летніка.


Сёлета валанцёрам прапануюцца на выбар наступныя віды працы:

1. Гарадзішча (рэкультывацыя, усталяванне памятнага знаку).
2. Юрава гара (усталяванне памятнага знаку).
3. Пагоркі Крэва (археалагічныя раскопы, рэкультывацыя, усталяванне памятнай кампазіцыі).
4. Рэшткі замкавага млына (рэкультывацыя, усталяванне памятнага знаку (камня)).
5. Крэўскі камень (усталяванне памятнага знаку).
6. Доты Першай сусветнай вайны (усталяванне памятнага знаку).
7. Крэўскі замак (рэкультывацыя двара замка, усталяванне памятнага знаку на месцы, дзе стаяла Крэўская ратуша, увядзенне ўмацавальнага раствору ў сцены, збудаванне кансервацыйных канструкцый – пры атрыманні адпаведнага дазволу ад Міністэрства культуры).
8. Будынак сінагогі (прыборка тэрыторыі, кансервацыйныя працы, інш.).
9. Старыя габрэйскія могілкі (прыборка тэрыторыі, апісанне надгробкаў, правядзенне на іх першасных кансервацыйных работ).

Арганізатары папярэджваюць, што нешта з гэтага спісу зрабіць можа не атрымацца, напрыклад, археалагічныя працы будуць магчымыя толькі пры ўдзеле археолагаў, якія маюць адкрытыя лісты.

Аднак кожны ўдзельнік летніка зможа знайсці сабе справу даспадобы.

І кожны зможа далучыцца да збору вуснай гісторыі ў насельнікаў Крэва.

 

Вольга Кастрамінава:

Мы будзем з успамінаў мясцовых насельнікаў ствараць адмысловую картатэку па вуснай гісторыі.

Тут і спадзяемся на дапамогу валанцёраў.

Для нас важнае месца чалавека ў гісторыі, песні, паданні, якія памятаюць жыхары Крэва.

Хочам выдаць зборнік, які аб’яднае вусную, духоўную і матэрыяльную культуру Крэўскай зямлі.


Тыя, хто хоча паўдзельнічаць у валанцёрскім летніку ў Крэве, могуць звязацца з Вольгай па тэл. +375295513335.

Даведацца больш падрабязна пра дзейнасць  дабрачыннага фонда “Крэўскі замак” можна на сайце http://kreuskizamak.by

 

Фота рэшткаў Крэўскага замка з сайта http://kreuskizamak.by