Алег Дашкевіч: даць людзям убачыць праўду

|

Каля 40 гарадзенцаў рознага ўзросту паглядзелі стужкі беларускага рэжысёра Таццяны Дубавец «З жыцьця тутэйшых», прысвечанага жыццю людзей на беларуска-літоўскім памежжы, а таксама фільм Дэна Рыда «Даліна», у якім адлюстраваны крывавы канфлікт у Косаве.

 

Пра мэту такіх кінапаказаў распавядае кіраўнік асацыяцыі Алег Дашкевіч.

 

-Дакументалістыка цікавіцца невыдуманым, але рэальным чалавекам, у рэальнай, але не прыдуманай сітуацыі.

 

Ступень даверу гледача да такога кіно значна вышэй, чым, скажам, да кіно фабулярнага, дзе кожны падспудна разумее, што гэта, усё ж, ілюзія.

 

Можна маніць і займацца ашуканствам і ў дакументальным кіно, і мы маем шмат прыкладаў гэтага, але кожны рэжысёр рызыкуе сваёй кар’ерай і месцам у прафесіі.

 

Дакументальнае кіно — гэта праўда. Даць людзям убачыць праўду, асэнсаваць яе і зрабіць для сябе высновы, бадай такую мэту, такі сэнс мы ўкладаем у нашыя паказы.

 

– Якія ўражанні засталіся ў цябе пасля сустрэчы з гледачамі ў Гродне?

 

– Гродна стаўся першым местам пасля сталіцы, дзе мы прапанавалі адну з нашых праграм кінапаказаў.

 

Тэмай праграмы была нацыянальная самасвядомасць, і аказалася, што пасля прагляду фільмаў Таццяны Дубавец і Дэна Рыда, звыклыя адказы на пастаўленыя пытанні не падаюцца такімі адназначнымі.

 

Бываюць моманты, калі высокая нацыянальная свядомасць ставіць вельмі вялікія і небяспечныя праблемы перад грамадствам, што і засведчыла пасляпраглядная дыскусія ў кіназале.

>

 

Дарэчы, аўдыторыя, што сабралася на прагляд, была дужа заангажаванай, падрыхтаванай, што толькі пацвердзіла правіла пра аматараў дакументальнага жанру, як пра публіку высокаінтэлектуальную.

 

Прыемна ўразіла даволі высокая колькасць маладых людзей, якія прыйшлі на прагляд, і тое, што людзі прагнуць працягу такіх сустрэч.

 

Я думаю, што можна казаць пра заснаванне ў Гродна клубу аматараў дакументальнага кіно, што не можа нас ня цешыць, і што з’яўляецца яшчэ адной нашай мэтай.

 

-Якімі ты бачыш перспектывы дакументальнага кіно ў Беларусі?

 

Увесь свет сёння перажывае хвалю папулярнасці і новага дыхання дакументалістыкі.

 

Яна мае сваё заслужанае месца ў праграме TV, кінапракату, інтэрнэце, але мы ў гэтым сэнсе моцна адсталі.

 

З аднаго боку гэта прыкра, але такія абставіны даюць нам шалёную перспектыву.

 

Тым болей, што добрую школу, выдатных творцаў, дастойны прадукт і падрыхтаваную глядацкую супольнасць, з жаданнем глядзець, разважаць аналізаваць убачанае, мы маем.