Мінае тэрмін пагашэння Беларуссю даўгоў за электраэнергію

|

Кампанія «Інтэр РАО ЕЭС» абмежавала пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь 9 чэрвеня. Гэта было выклікана запазычанасцю ў 1,5 млрд расійскіх рублёў, якая ўзнікла з-за праблемы з купляй валюты на беларускім рынку.

 

Затым бакі падпісалі графік плацяжоў, у адпаведнасці з якім беларускае кіраўніцтва павінна згасіць доўг да 5 ліпеня. Такім чынам, 13 чэрвеня расійская кампанія аднавіла аб’ёмы паставак электраэнергіі ў Беларусь, а беларускі бок перавёў «Інтэр РАО ЕЭС»  першы транш для пагашэння доўгу.

 

Барыс Кавальчук, кіраўнік расійскай кампаніі, нагадаў, што «Інтэр РАО» ўжо неаднаразова пераносіла тэрміны пагашэння запазычанасці за пастаўленую ў Беларусь электраэнергію.

 

«Ужо паступілі грашовыя сродкі, каля 600 млн. рублёў (каля 21 млн. долараў. — БелаПАН.), гэта значыць была пагашана запазычанасць за сакавік. Засталося 600 млн. рублёў за красавік, і падыходзіць запазычанасць за май. У нашым пратаколе кожны неплацёж дапускае магчымасць поўнасцю адключыць пастаўкі электраэнергіі. У нас ёсць і штрафы, і пені. Усе санкцыі прадугледжаны, але мы праяўляем верх канструктывізму і гаворым пакуль пра асноўную суму доўгу», — сказаў Кавальчук.

 

Прыпыненне паставак электраэнергіі павінна было адбыцца ўжо 22 чэрвеня (у сувязі з адсутнасцю чарговага траншу ў лік пагашэння запазычанасці). Аднак беларускія ўлады змаглі дамовіцца на адтэрміноўку плацежоў.

 

24 чэрвеня Барыс Кавальчук пацвердзіў журналістам гатоўнасць адключыць пастаўкі ў Беларусь, «калі грошай не будзе да канца панядзелка».

 

У сваю чаргу беларускі прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 23 чэрвеня заяўляў, што ўлады Беларусі цалкам разлічацца за атрыманую з Расіі электраэнергію да 28 чэрвеня.

 

Фота аўтара