“Крытычную масу” ў Гродне змяніла “Бардзюрная пятніца”
Юля, гродзенская веласіпедыстка:
– Саму традыцыю збірацца ў апошнюю пятніцу месяца мы вырашылі захаваць, прыдумаўшы новы фармат.
“Бардзюрная пятніца” будзе адбывацца штомесяц па новым маршруце.
Абраўшы шлях, мы робім замеры бардзюраў, фіксуем парушэнні іх вышыні, фатаграфуем разваленыя тратуары і складаем ліст у гарвыканкам і ДАІ з просьбай выправіць гэтыя хібы.
Першы ліст ад гродзенскіх раварыстаў, пасля першай “Бардзюрнай пятніцы”, ДАІ і гарвыканкам атрымалі ўчора.
Юля:
– Мы праехалі па маршруце: Савецкая плошча – цэнтральны мост – на коле налева – мост Карданы/шклозавод – направа па вул.Перамогі – Вішнявец – налева ўздоўж касцёла – 4-я бальніца – Я. Купалы – Турыст – Брэст – мост Карданы/шклозавод – кола направа на Савецкую плошчу.
Сабралі подпісы ўдзельнікаў велапрабегу пад лістом у ДАІ і гарвыканкам з просьбай упарадкаваць гэты маршрут.
У асноўным справа тычыцца завысокіх бардзюраў і дрэннага стану пакрыцця тратуараў.
Калі гаворка пойдзе пра новы мікрараён, будзем прасіць зрабіць веласіпедную дарожку, бо па тратуары вельмі складана аб’язджаць мінакоў.
Цягам ліпеня мы будзем распрацоўваць новы маршрут і рыхтаваць чарговы ліст да ўладаў.
Такім чынам мы хочам пасадзейнічаць развіццю велаінфраструктуры горада.
Мы можам вызначыць самыя папулярныя сярод веласіпедыстаў маршруты і прасіць паляпшэння іх стану, каб па іх можна было бяспечна рухацца.
Па словах гродзенскіх веласіпедыстаў, яны б з радасцю выконвалі ўсе патрабаванні ДАІ, але часта вымушаны выязджаць на шассэ, бо па тратуарах рухацца проста немагчыма: вузкія, часта з ямамі, разламаным асфальтам, з высокімі бардзюрамі, яны проста не прыстасаваныя для веларуху.
Да таго ж веласіпедысты замінаюць пешаходам.
Так і атрымліваецца, што аматары гэтага экалагічнага віда транспарта ў Гродне вымушаныя даказваць сваё права на існаванне і ДАІ, і іншым удзельнікам дарожнага руху.
Фота з сайта http://velogrodno.by