N.R.M. развітваецца і вітаецца

|

Падчас ліпеньскай трасы, якая складаецца з шасці канцэртаў у Гомелі, Гродне, Бабры, Мінску, Лагойску і Магілёве, музыкі зайграюць старыя хіты і прэзентуюць новую праграму “ДПБЧ”. Назва праграмы, па словах гітарыста гурта Піта Паўлава, гэта смскавы скарот ад “да пабачэння”. Гурт ужо аднойчы развітваўся з прыхільнікамі: у 2008 годзе адбываўся “развітальны” тур, які апынуўся ўдалай правакацыяй. Аказалася, што музыкі казалі “да пабачэння” зіме.

У Гродне канцэрт адбудзецца 5 ліпеня ў клубе «Пушкін», пачатак у 19.00. Кошт квіткоў – 20.000 рублёў, у дзень канцэрта – 30.000 рублёў. Квіткі можна набыць у офісе агенства New Age па адрасе вул.Горкага 92 (2 паверх) або звярнуўшыся па тэлефоне +375 29 13 15 333.

Тур “ДПБЧ” – першая вялікая серыя канцэртаў N.R.M. пасля доўгага перапынку і таго, як творчыя шляхі гурта і яго былога вакаліста Лявона Вольскага разыйшліся. Дарэчы, апошні не так даўно завітваў у Гродна ў складзе «Крамбамбулі», а сёння ўвечары прэзентуе свой чарговы сольны праект «Саўка ды Грышка. Ад вясны да вясны».