Слонімскія будаўнікі па заробак звярнуліся ў пракуратуру
Па словах будаўнікоў, яны сабраліся, кааб звярнуцца ў пракуратуру па дапамогу. Справа ў тым, што рабочым у чарговы раз затрымліваюць выплату заробка. Многім з іх тэрмінова трэба вяртаць крэдыты, плаціць за дзіцячыя садкі і камунальныя паслугі. Акрамя таго, у людзей назапасіўся шэраг іншых пытанняў да адміністрацыі ўпраўлення. У тым ліку людзі пыталіся, чаму на 10 асоб яны маюць толькі адзін інструмент для тынкоўкі.
На пытанні рабочых адказвалі дырэктар іх прадпрыемства Віктар Брайчук, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Вянкоўскі, а таксама намеснік пракурора Віктар Русакевіч. Яны паабяцалі, што зарплата будзе пералічаная на іх рахункі ў той самы дзень да 16.00. Віктар Брайчук паабяцаў дамовіцца з ЖРЭА наконт таго, каб рабочым СУ №187 не налічвалі пеню за пратэрміноўку ў аплаце камунальных паслуг.
У сваю чаргу Віктар Русакевіч адзначыў, што на дырэктара СУ №187 будзе складзены адміністратыўны пратакол, а ў арганізацыі будзе праведзеная праверка.
Відаць, людзі не паверылі словам кіраўнікоў, бо многія пасля размовы не вярнуліся на працоўныя месцы.
Здымкі: Газета Слонімская