“Кароль” Кругер альбо мае афрыканскія прыгоды-2

| Без катэгорыі

Парк ім. Кругера – адзін з самых знакамітых і самых вялікіх паркаў Афрыкі. Займае плошчу памерам амаль у 19 тыс. квадратных км. і расцягваецца уздоўж мяжы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі з Мазамбікам (для параўнання: плошча Гродзенскай вобласці складае 25 тыс. кв. км).

Парк з’яўляецца домам для аграмаднай колькасці жывёлаў: 517 відаў птушак, 147 сысуноў, 114 паўзуноў, больш 50-ці відаў рыбаў, не згадваючы ўжо пра амаль дзьве тысячы відаў раслін.

 

Першая жывёліна, якая сустракае нас у парку – гэта імпала, маленькая антылопа з светлакарычневай афарбоўкай.

Ужо ў першы дзень мы ўбачылі іх столькі, што праз некаторы час мы пачалі ставіцца да іх як да банальнага элемента пейзажу.

 

Гэтым разам на назіранне за жывёламі мы рэзервуем тры паўнюткія дні. Мы ўжо ведаем, што спяшацца не трэба.

 

Акрамя таго, перспектыва начлегу сярод гукаў афрыканскага бушу ўяўляецца нам асабліва ўзбуджальнай.

 

У парку Кругера не скарыстацца такім шансам было б проста грахом.

 

На тэрыторыі парку існуе больш за трыццаць лагераў, дзе стомленыя «лоўчыя» могуць спыніцца на адпачынак.

 

Кожны з такіх лагераў абгароджаны і зачыняецца на ноч (звычайна з 18.00 да 4.30 раніцы).

 

У большых з іх працуюць крамкі, у якіх можна папоўніць запасы.

 

У межах парку можна доўга вандраваць ад лагера да лагера.

 

Камары і браай

 

Мы наведваем Парк Кругера за некалькі дзён да Калядаў. Гэта значыць, у самым разгары паўднёваафрыканскае лета.

 

Субтрапічны клімат, вельмі сыра, а тэмпература дасягае 40 градусаў.

 

Вільготнасць і спякота могуць азначаць толькі адно – камароў і малярыю.

Апісанне хваробы гучыць так жудасна, што я з цяжкасцю дачытваю да канца. Жарты дрэнныя. Патрэбная парада эксперта.

 

– Ёсць дзве тэорыі – мы пачулі ад Джын, якая разам з сям’ёй ездзіць у Парк Кругера некалькі разоў у год.

 

– Адныя лічаць, што ад укусу камароў-пераносчыкаў хваробы лепш засцерагацца: доўгія штаны, адмысловыя прэпараты і г.д. Урэшце, можна проста не выходзіць увечары на вуліцу.

 

Іншыя больш давяраюць радыкальным сродкам, гэта значыць – проста таблеткам.

 

– І памятайце, камары-пераносчыкі малярыі надзвычай небяспечныя, таму што іх зусім не чуваць.

 

Мы выбіраем таблеткі.

 

Сярэдзіна лета, акрамя павялічанай актыўнасці камароў, азначае таксама разгар вакацый.

 

Многія сем’і – гэтак жа, як сям’я Джын – праводзяць канікулы ў шматлікіх, раскіданых па ўсёй тэрыторыі ПАР нацыянальных парках.

 

У Парку Кругера людзей заўсёды поўна і таму мы забраніравалі начлегі ўжо за некалькі месяцаў да паездкі.

 

– Мы прыязджаем сюды на некалькі тыдняў, ўстаём ранняй раніцай, дні праводзім на сафары, а вечарамі вяртаемся ў лагер і арганізуем «браай» (г.зн. грыль) – кажа Ёган, з якім мы завязваем размову падчас куплі драўніны ў лагернай краме .

 

Гэта такая наша паўднёваафрыканская традыцыя – дадае ён.

 

«Браай» – сапраўды вельмі істотны элемент паўднёваафрыканскай культуры.

 

Арганізуюць «браай» усе: старыя і маладыя, незалежна ад колеру скуры.

 

Спрыяе таму дружалюбны клімат, таму што – у супрацьлегласць Еўропе – у Паўднёвай Афрыцы баляваць на прыродзе можна круглы год.

 

Дані распальвае «браай» некалькі разоў у тыдзень.

 

– Я проста вельмі гэта люблю. Не памятаю, як у Еўропе, але вы павінны прызнаць, што ў нас надзвычай смачнае мяса.

 

Сапраўды, цяжка выстаяць перад водарам афрыканскага грылю на свежым паветры. Кракадзіл, страўс, антылопа Куду чакаюць аматараў экзатычнага мяса.

 

– Калі вы едзеце ў Кругер, не забудзьцеся завітаць у мясную краму – раіць нам Дані.

 

«Браай» пасярэдзіне саваны – незабыўнае ўражанне!

 

У той вечар, як і ўвесь лагер, мы распальвае «браай» пад адкрытым небам.

 

Кола жыцця

 

На мове суахілі сафары – гэта проста паездка.

 

У ангельскай мове гэтае слова набыло сэнс паездкі з канкрэтнай мэтай – экскурсіі, падчас якой турыст можа назіраць дзікую флору і фауну Афрыкі ў натуральным асяроддзі.

 

Суахілійскі сэнс слова мне падабаецца значна больш.

 

Сафары – прыгожая метафара жыцця.

 

Нараджэнне, смерць, штодзённыя справы – мы знойдзем там усё.

 

У другі дзень, незадоўга пасля выезду з лагеру, дарогу нам блакуе статак павіянаў.

 

У першую чаргу гэтая сцэна нас вельмі развесяліла, таму што малпы проста сядзелі як зьмярцьвелыя статуі.

 

Ідзе час, а мы не ведаем, як сябе паводзіць, бо «статуі» па-ранейшаму нерухомыя!

 

Пачынаем асцярожна манеўраваць і перад нашымі вачыма раскрываецца чароўная сцэна:

 

– Глядзіце, мама корміць сваё нованароджанае дзіця!

Мы бачым таксама смерць. Пад смешнай лацінскай назвай Crocuta crocuta хаваецца плямістая гіена – мабыць, найменш любімы сысун у саване.

 

Гіена нават не напружваецца, каб паляваць.

 

Сілкуецца падлінай або з’ядае тое, што злавілі іншыя. Гіена, якая трапляецца на нашым шляху, сядзіць спакойна ля дарогі.

 

Відаць, што яна толькі што брала ўдзел у нейкай бойцы.

 

Работнікі парку не могуць ўмешвацца. Жыццёвы цыкл мае сваё кола, у якім ёсць месца нараджэнню і смерці.

 

Ранішні шпацыр

 

Гэтага дня мы не маглі дачакацца. Збор у 4.15.

 

Нашых гідаў і астатнюю частку групы сустракаем у прыёмнай лагеру.

 

Перад брамай ужо стварылася даволі вялікая чарга машын.

 

А палове на пятую першыя смельчакі выязджаюць на сустрэчу з дзікой прыродай.

 

Сярод іх і мы. На небе яшчэ месяц. Трыццаціхвілінная паездка ў глыбіню буша не вельмі прыемная – у адкрытай машыне холад раніцы адчуваецца моцна. Аднак эмоцыі растуць.

 

Збочваем з дарогі на сцяжынку, даступную толькі для работнікаў парку. Паркуемся пад самотным дрэвам.

 

– Добра запомніце гэтае дрэва – рэкамендуюць Сцюарт і Тхабо – нашы гіды.

 

– Пазней вы будзеце павінны самі сюды вярнуцца.

 

Мы не да канца ведаем, кажуць яны гэта сур’ёзна, альбо толькі жартуюць, жадаючы «разгрузіць» атмасферу.

 

Слухаем наступныя інструкцыі: усё ідзем гуськом, спакойна, калі хтосьці захоча спыніцца – трэба ўзняць руку.

 

Абодва інструктары ідуць наперадзе, у Сцюарта ёсць стрэльба.

 

Уладкоўваюся адразу за імі, каб адчуваць сябе больш бяспечна.

 

Прарывацца праз гушчу бушу з усведамленнем таго, што ў любы момант можна натыкнуцца на нейкага дзікога звера – незвычайнае пачуццё.

 

Мы праходзім праз падсохлае карыта ракі. Сцюарт паказвае нам след, адбіты на мокрай зямлі.

Хто мне скажа, што гэта? – звяртаецца ён да нас.

 

– Нейкая вялікая котка, леў альбо леапард – адказвае хтосьці з групы.

 

Сцюарт пагаджаецца – гэта адбітак лапы льва. Інстуктар адразу супакойвае – след не надта свежы, магчыма, тыднёвай даўнасці, таму што ў апошні раз дождж ліў прыкладна восем дзён таму.

 

Сцюарт відавочна насміхаецца з нас, бо на нашых тварах можна прачытаць усё — ніхто ў гэтую хвіліну, мабыць, не хацеў бы апынуцца вось так раптоўна ў блізкай кампаніі з ільвом.

 

Праз нейкі час выходзім на паляну. Дарога пятляе. Я упэўнена, што, калі б цяпер нам прыйшлося знайсці наша дрэва, большасць не справілася б з гэтым заданнем.

 

Не гледзячы на наказы Сцюарта і Тхабо, наш строй крыху рассыпаецца. Спыняемся, каб зрабіць фоткі.

 

– Глядзіце туды! – паказвае пальцам Тхабо. – Вы бачыце? Калі ласка, вось і ваш леў!

 

Здалёк мы глядзім спектакль, які можна было б назваць “ Цар звяроў перяганяе стада імпалаў”.

 

Магчыма, яго начное паляванне скончылася паражэннем, і яму трэбы што-небудзь перакусіць перад тым, як ён бесклапотна прыляжа ў цені акацыі.

 

У нас есць “Вялікая тройка!”

 

Днём раней, незадоўга да вяртання ў лагер, нам удалося ўбачыць статак магутных буйвалаў.

Спыняемся на сняданак ля зламанага дрэва. Усе адчуваюць сябе неўпэўненна.

 

Цяжка пасярод буша сканцэнтравацца на ежы. Аднак галодныя жываты вырашаюць за нас.

 

Між тым Сцюарт распавядае, што больш небяспечным, чым леў, для чалавека з’яўляецца гіпапатам.

 

Ён забівае людзей больш, чым іншыя жывёлы. Найчасцей ахвярамі гіпапатамаў становяцца жыхары ўзбярэжных вёсак, якія часта займаюцца ля вады праннем, мыццём посуду.

 

Таму у час сафары набліжацца да вады забаронена.

 

Белы насарог

 

Тым часам на наш сняданак з’явіўся незвычайны госць. Стаіць за метраў 25-ць ад нас і ўважліва прыглядаецца.

Не падыходзіць бліжэй. Сцюарт адпалохвае жывёлу выстаўленым у яе бок ружжом.

 

– Гэта белы насарог. Смешная гісторыя, – пачынае ён. Хто-небудзь з вас бачыў раней белага насарога? Такога сапраўды белага?

Цішыня.

 

– Я так і думаў! Галандскія пасяленцы ў Паўднёвай Афрыцы назвалі гэты від «wijd» – гэта значыць «шырокі». Гэтае азначэнне выпадкова пераклалі на ангельскую мову як «white» (белы). Вось так «шырокі» насарог стаў «белым».

 

Сустрэча з насарогам мае амаль містычнае вымярэнне.

 

Гэта сустрэча вочы ў вочы з дзікой, непасціжнай прыродай.

 

Прыродай, якую чалавек часта не ў стане зразумець, пра якую шмат кажуць, але ў штодзённым жыцці часта забываюць.

 

Аднак гісторыя белага насарога падбадзёрвае. Яшчэ некалькі гадоў таму ў Парку Кругера пражывала толькі некалькі прадстаўнікоў гэтага віда. Аднак папуляцыю удалося аднавіць, і на дадзены момант парк з’яўляецца домам амаль для ўсіх белых насарогаў у свеце.

 

Такім чынам, пасля далучэння насарога да нашага спісу, у нас ёсць «Вялікая Чацвёрка».

 

У нас так і не атрымалася пабачыць леапарда.

 

На працягу некалькіх дзён мы былі гледачамі незвычайнага спектакля жыцця.

 

Высачэзныя жырафы, магутны слон, спрытныя коткі, але таксама і маленькія хамелеоны, яшчаркі або птушкі, назвы якіх мы нават не былі ў стане запомніць.

>

У кожнага з іх тут ёсць сваё спецыяльнае месца.

 

Сафары не абмяжоўваецца пошукамі «Вялікай пяцёркай».

 

Гэта ключ да свету, які мы, магчыма, ніколі не будзем у стане спазнаць, але які можа нас шмат чаму навучыць.

 

Напрыклад, пакорлівасці перад сілай прыроды. Каб адчуць гэта – варта калі-небудзь наважыцца адправіцца ў такое падарожжа.

 

Пра сафары ў парку Піланэсберг чытай тут

 

Фота аўтара