Анджэй Пачобут выступіў на прэс-канферэнцыі пасля вызвалення (АБНОЎЛЕНА)
Анджэй размаўляў з гарадзенскімі журналістамі каля 40 хвілін. Пытанні датычылі ў асноўным умоваў утрымання ў следчым ізалятары, абвінавачання, судовага працэсу і самогу прысуду.
Як кажа сам Анджэй, прысуд з аднога боку быў чаканы:
– Тое, што прызнаюць вінаватым, было зразумела ад самага пачатку. Мне гэта было сказана, каб я не пісаў скаргаў і хадатайніцваў. Таму, калі запатрабавалі 3 гады зняволення, то гэта не было для мяне нечаканасцю.
Затое, нечаканай для Пачобута стала адтэрміноўка. Ён быў упэўнены, што з залы суда адправіцца далей у сваю турэмную “адысею”.
Журналісты цікавіліся і магчымасцямі доступа да інфармацыі ў зняволенні. Анждэй распавёў, што ў розных этапах справы сітуацыя выглядала па-рознаму:
– Спачатку, калі мяне арыштавалі, недзе тыдзень ці два – да прыходу пракурора Марозава – гэта была абсалютная ізаляцыя. А пасля, калі я адкінуў прапанову аб пакаянні, каб спыніць справу, інфармацыя пачала патроху даходзіць, лісты, віншаванні з Днём Народзінаў. Лісты са спазненнем, але даходзілі: у мяне ў камеры засталася цэлая торба лістоў. Але вось падчас працэса лісты перасталі даходзіць наогул. То бок, з 14 чэрвеня да 3 ліпеня лісты проста не даходзілі. Мая жонка атрымала лісты ад мяне толькі ўчора, у дзень абвяшчэння прысуду.
Веданне ўласных правоў дапамагло Анджэю дамагчыся таго, каб іх выконвалі. Адвакат адразу прынес яму Закон аб парадку ўтрымання асоб пад вартай і Пастанову МУС аб унутраным распарадку ў СІЗА.
– Гэтыя дакументы ў мяне бралі паглядзець усе са здзіўленнем, таму што нікому гэтага не перадаюць. Вісіць вытрымка з правілаў унутранага распарадку, але ў скарочанай форме і з націскам на абавязкі. А я ведаў, якія я маю правы, якія ўмовы мне гарантуе закон, дамагаўся іх і дамогся.
Аднак, выканання некаторых правоў гэтак і не ўдалося дасягнуць. Да Анджэя не пускалі ксяндза.
– Я адзіны зняволены той турмы, да якога не пусцілі ксяндза, нягледзячы на скаргі. Думаю, гэта выклікана тым, што яны ведаюць, што я са шматлікімі ксяндзамі знаёмы асабіста. Хаця, дагэтуль ніякага афіцыйнага тлумачэння не было.
Я звяртаўся да начальніка атрада, потым да начальніка турмы, пасля доўгага маўчання сказалі, што трэба пісаць да следчага ці да суда. Адказу ад суддзі я таксама не атрымаў. Я ведаю, што ксяндзы, якія ходзяць у турму, спрабавалі рабіць нешта са свайго боку, але ім сказалі, што можаце ісці да каго заўгодна, але не да Пачобута.
Эксперты, якіх вызначыў суд, знайшлі ў тэкстах Анджэя не толькі паклёп і знявагу ў дачыненні да Прэзідэнта, але яшчэ і «дыскрэдытацыю Рэпублікі Беларусь». Было праведзена дзве экспертызы: адну праводзілі кіраўнік аддзела ідэалогіі гарвыканкама Павел Скрабко і кіраўнік прэс-службы Жалезняковіч, другую – Аляксей Нікіцевіч, прафесар кафедры расейскай мовы ГрДУ. Анджэй сумняецца ў іх бесстароннасці.
– Эксперт павінен быць бесстаронні, таму я разглядаю вызначэнне такіх экспертаў як парушэнне маіх правоў.
Мой адвакат у спрэчках звяртаў увагу, што чалавек, прызначэнне якога ўзгадняецца з Адміністрацыяй Прэзідэнта [маецца на ўвазе супрацоўнік аддзела ідэалогіі – рэд.], не можа разглядацца як эксперт.
Між іншым, знойдзеная ў тэкстах Пачобута «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» не была выкарыстаная падчас працэсу. Не было таксама тлумачэнняў, чаму гэтая частка вынікаў экспертызы не была ўзятая паду вагу.
– Наогул, мяне азнаёмілі з вынікамі экспертызы два месяцы пасля яе правядзення, такім чынам мае правы былі парушаныя, – кажа Анджэй.
Каментуючы прысуд, Пачобут зазначыў, што для яго важным было не як хутка ён выйдзе з турмы, а тое, каб выйсці з яе свабодным чалавекам, які не мае нейкіх абавязкаў перад органамі.
– У мяне была прынцыповая пазіцыя, я з імі не размаўляў, не даваў паказанні, не хацеў размаўляць ні з кім. Гэта, безумоўна не віталася, не віталася таксама тое, што я скаргі пішу.
Пачобут лічыць, што сваім вызваленнем абавязаны міжнароднаму розгаласу, у тым ліку і цвёрдай пазіцыі Еўрасаюза па яго справе:
– Мэта майго працэсу і таго што адбываецца сёння з журналістамі тая самая і нязменная: улада хоча запалохаць грамадства і журналістаў. У гэтых умовах, якія сёння ёсць, распаўсюд незалежнай інфармацыі пра пратэсты для ўлады небяспечны. Маё вызваленне не ёсць прыкметай нейкай лібералізацыі, але прыкметай таго, што ўлада рэагуе на моцныя аргументы, якія ў дачыненні да яе выкарыстоўвае ЕС. Я лічу, што маё вызваленне гэта вынік увядзення існуючых і пагроза дадатковых санкцый.
Прысутных на канферэнцыі цікавіла таксама меркаванне Анджэя адносна справы Аляксей Салея. Артыкул, па якім заведзеная справа (частка 2 артыкула 343 КК Рэспублікі Беларусь «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў альбо прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўнагадовых»), прысутны на канферэнцыі праваабаронца Уладзімер Хільмановіч наўпрост назваў ганебным. Анджэй пацвердзіў, што сярод матэрыялаў ягонай крымінальнай справы ёсць папера аб аператыўна-вышуковых мерапрыемствах адносна яго і Аляксея Салея. Ён выказаў меркаванне, што ў адносінах да іх абодвух выконваўся адзін комплекс мерапрыемстваў.
– Аляксей Салей пацярпеў за тое, чым ён займаўся. Думаю, што яго проста хацелі выкарыстаць у маёй крымінальнай справе, каб ён даў супраць мяне нейкія паказанні.
Анджэй распавёў шмат пра тое, якіх людзей ён сустрэў у турме.
– Сітуацыя не была чорна-белая, быццам з аднаго боку добрыя, а з іншага – кепскія. Людзі былі розныя. Найбольшы шок выклікала тое, што са мной на паверсе сядзеў чалавек – інвалід першай группы без абедзвюх рук, які абвінавачваецца ў тым, што збіў супрацоўніка міліцыі. Яму вынеслі пастанову аб утрыманні пад вартай да суда. Што такое чалавек без рук у турме – вы сабе можаце ўявіць. Гэта жах.
Бачыў таксама дзеда на кастылях, гадоў за 80, таксама ўтрымліваецца пад вартай.
Былі і менш трагічныя, а нават смешныя сітуацыі. У адной камеры з Пачобутам сядзеў грамадзянін Літвы, які падаўся за лепшым жыццём у Беларусь.
– Ён перайшоў мяжу, абглядзеўшыся беларускага тэлебачання – надта спадабалася тая рэчаіснасць. Яму 65 год, вясковы дзядок, казаў, што ў Літве калгасаў няма, у нас ёсць, а ён усё жыццё ў калгасе працаваў.
Былі сярод сукамернікаў і тыя, пра каго мы маглі прачытаць на старонках газет у сувязі з больш ці менш гучнымі справамі.
– Сустракаў дырэктара «Кансента» – ён дастаткова мужна змагаецца там за свае правы, сваёй віны не прызнае. Сядзіць там таксама той доктар, які вырабляў парнаграфію – яму там не пазайздросціш, калі шчыра. Быў той чалавек, які скраў машыну хуткай дапамогі, яму там далі мянушку «ўрач». Ён выразаў усё артыкулы, якія пра яго з’яўляліся ў прэсе, меў такі сшытак з надпісам «Угон скорой помощи». За тыдзень да майго вызвалення прывезлі таго літоўца, які вез буйную кантрабанду наркотыкаў. Карацей, усе пра каго пішуць у газетах, сабраныя там у адным месцы.
Судовае рашэнне ў адносінах да Анджэя Пачобута не ўступіла яшчэ ў законную моц і да гэтага часу журналіст знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Прысуд будзе абскарджвацца, хаця пакуль што Анджэй і Яго адвакат мы не ведаюць яго тэкста.
– Не выключана, што мой адвакат напіша так званую «тармазуху» – першапачатковую версію скаргі, каб не прапусціць тэрмін. Я яшчэ буду знаёміцца з пратаколам судовага паседжання, бо адвакату забаранілі запісваць працэс на дыктафон. Такое права ёсць, але суддзя забараніў гэта рабіць. Я ўвесь час паўтараў, што пратакол будзе фальсіфікаваны і ў сувязі з гэтым не даваў паказанняў. Я напісаў толькі ўласныя паказанні, дзе пацвердзіў, што з’яўляюся аўтарам гэтых артыкулаў, артыкулы заснаваныя на фактах і ў іх няма хлусні, а мяне пераследуюць за грамадзянскую пазіцыю, – сказаў Анджэй.
Суд верне Анджэю яго тэхніку – пачынаючы з 19 снежня ён страціў ужо 3 кампутары. Гэтае пытанне было добрай нагодай, каб узгадаць падзеі мінуўшай зімы.
– Першы забралі аккурат 19 снежня, невядома ў рамках якой справы: проста прыйшлі і забралі. Я пакінуў яго ў офісе Алеся Міхалевіча ў Мінску, перад тым, як пайшоў па плошчу. Пасля мяне затрымалі, а офіс той узялі штурмам. Там дарэчы, былі і рэчы Аляксея Салея, які са мной ездзіў. Акрамя таго, Салею тады разбілі машыну, яна стаяла ў цэнтры Мінска, на Карла Маркса. Потым, калі КДБ рабіла ператрус, забралі другі кампутар, а трэці – нэтбук, які я пазней купіў каб працаваць, забралі, накладаючы арышт.
Здымак аўтара