У Гродне ізноў брутальны “хапун”

|

Супрацоўнікі праваахоўных органаў у штацкім у вялікай колькасці стаялі на вуліцы Савецкай прыкладна ад кавярні “Раскоша” да скрыжавання з вуліцай Кастрычніцкай. Шмат “ціхароў” стаяла таксама на прыпынку каля дому купца Мураўёва. За прыпынкам, бліжэй турмы, стаялі два аўтобусы для “пакавання” людзей.

Пачатак акцыі

 

У 19.30 тыя, хто сабраўся ля Дому Прафсаюзаў, пачалі пляскаць у далоні і рушылі па Савецкай вуліцы ў бок плошчы Леніна. Калі ўдзельнікі акцыі былі ля помніка Сакалоўскаму, вуліцу перакрылі, пад’ехаў аўтобус бардовага колеру і пачаўся вельмі жорсткі “хапун”. Хутка за аўтобусам з’явіліся яшчэ дзве маленькія “маршруткі” і чарговы аўтобус, у якія таксама запіхвалі людзей.

Гэтым разам удзельнікі акцыі размясціліся даволі свабодна, ну гуртуючыся ў шчыльныя групы.

 

З навакольных крамаў і кавярняў павыходзілі прадаўцы і афіцыянты, якія пачалі здымаць тое, што адбывалася, на мабільныя тэлефоны.

 

Каля васьмі хвілін пазней, калі аўтобусы з’ехалі і здавалася, што акцыя скончылася разгонам, тыя, каго не паспелі затрымаць, сабраліся ізноў паміж помнікам Сакалоўскаму і кінатэатрам Гродна і пляскалі ў далоні.

Пад’язджаюць аўтобусы з людзьмі ў штацкім. Балотнага колеру УАЗік зараз перакрые вуліцу бліжэй адміністрацыі Ленінскага раёна.

 

Побач з Домам Прафсаюзаў, дзе ўжо не было амаль што нікога, стаяла старэйшая спадарыня, якая плакала. Аказалася, што яна тут шукае ўнука.

 

– Я казала яму, каб ён не хадзіў, каб не слухаў нікога. Баюся, што зараз яго там забралі. А яму ж яшчэ вучыцца!

 

Хутка жанчына перайшла таксама на тэмы эканамічнага крызісу і ўласнага нялёгкага жыцця:

 

– Я на ўсім ужо эканомлю! Як так можна жыць далей?

 

Большасць удзельнікаў разбеглася, але затрыманні яшчэ толькі пачынаюцца. Зараз пад’едзе яшчэ адзін аўтобус.

 

Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна”, агулам у Гродне затрымана каля 60 чалавек. Сярод іх журналістка польскага радыё TOK FM Агнешка Ліхнеровіч. Затрыманая таксама журналістка «Вячэрняга Гродна» Паліна Жураўлёва.