N.R.M. у Гродне: сапраўдны рок-н-рол

Гродзенскі выступ адпавядаў усім патрабаванням рок-н-ролу: у маленькай, змрочнай зале таннага клубу, з кепскім гукам, сярод паху піва і потных целаў, скакалі, танчылі і піхаліся тыя, хто прыйшоў паслухаць стары добры N.R.M. часоў «Трох Чарапах» і «Дома Культуры». Людзі, якіх мала цікавяць выкшталцоныя, вытанчаныя і проста мегапрафесійна зробленыя праекты Вольскага. Людзі, якія хочуць драйву.

 

Менавіта таму новыя песні слухачы ўспрымалі стрымана, без энтузіязму. Гэта не Лявон Артуравіч, якога фанаты будуць насіць на руках незалежна ад таго, спявае ён папсовую «Госці», кранаючую да глыбіну душы змагарскую «Мала сказаць ненавіджу» ці грэючую такім далёкім ямайскім сонцам «Я нарадзіўся тут». Нават прыдуркаватыя «Саўка ды Грышка» з «Куплетамі і прыпевамі» пойдуць «на ўра», бо гэта ж сам Лявон, чалавек-інстытуцыя!

 

У новага N.R.M. усё інакш, ім як паветра патрэбнае прызнанне слухачоў, што яны тыя самыя, аўтэнтычныя, што яны яшчэ не скончыліся і кожны гук – шчыры, нават калі песня была напісаная 5, 10 ці 15 гадоў таму. Яны павінны граць напорысты гітарны рок і пранікнёныя лёгкія песні ў перапынках паміж баявікамі, асцярожна перамешваючы з новымі, незнаёмымі песнямі, каб не адпугнуць аўдыторыю. І яны робяць усё гэта сапраўды выдатна.

 

Падчас канцэрту гучала моцная падборка лепшага з розных гадоў: старычкі, накшталт «На вуліцы маёй», «Одзірыдзідзіны» ці «Песен пра каханне», ну і вядома ж, «Партызанцкай», «Кітай» з апошняга альбому, абедзьве часткі «Трох Чарапах», «Чыстая-Светлая», «Худсавет» ды іншыя. Новыя песні не надта запомніліся, але сярод іх было некалькі цікавых кавалкаў: інтра «Да пабачэння» або песня, складзеная з аўтацытатаў, дзе прыпеў гучаў: «А лёс склаўся так, што хрусь і папалам» (цалкам можа быць хітом!), ці яшчэ адна, дзе, калі я добра пачуў, Піт спяваў нешта кшталту «Ай лаў ю!».

 

Тое, што «ў N.R.M. не было і няма лідэра» з вуснаў Піта гучыць даволі цынічна. Ён, нават несвядома, паводзіць сябе як франтмэн, зрэшты, гэтага ад яго і чакаюць. Падчас гродзенскага канцэрту яму ўдалося ўпіхнуць дзве свае песні, створаныя раней з іншымі калектывамі. «Новай» кампазіцыяй ён назваў электрычны варыянт добра вядомай сярод аматараў беларускай музыкі песні «На далоні», якую мы памятаем з першага і, на жаль, пакуль што адзінага альбому «Гарадзкіх». Прагучаў таксама кавер «Nothing else matters» Металікі, які не так ужо і даўно Піт зрабіў для свайго праекта Pete Paff. Прыслухоўваючыся да просьбаў людзей, гурт зайграў яшчэ рок-кавер «Простых словаў».

 

Магчыма, вакальныя здольнасці Паўлава не надта ўражваюць, а новы склад Крамбамбулі у музычным плане значна пераўзыходзіць N.R.M. Але канцэрт быў адыграны ад душы. Адчувалася нейкая першасная, некаторымі даўно пакладзеная на пыльныя паліцы, энергія. Адчуваўся сапраўдны рок-н-рол. І з намі зноў былі яго каралі.