«Раскоша» для страўніка?

| Без катэгорыі

З першага погляду кавярня робіць прыемнае ўражанне і спадзяешся на самае лепшае. Каваныя металічныя элементы на фасадзе і ў інтэр’еры, стылёвая, цяжкая мэбля, празрыстыя сталы – каб ніякіх свавольстваў з нагамі, бо ўсё вельмі добра праглядаецца. Моцным акцэнтам на аўтэнтычнасць месца нагадвае «Карчму», але ў версіі ф’южн.

 

Спроба сумясціць старыя неатынкаваныя цагляныя сцены – гэтакі міжнародны стандарт для рознага кшталту забягалавак у старым горадзе, з больш строгімі сучаснымі белымі сценамі і столямі, выклікае змешаныя пачуцці. Пры чым тут, напрыклад, рысунак-чарцёж оrder dorico, што вісіць на сцяне?

 

Пытанні эстэтычнага плану выклікаюць прыступкі, які вядуць у сутарэнне. Іх зрабілі з нейкага моднага ў гэтым сезоне чорнага камення, бо пакінуць іх хоць крыху больш старадаўнімі з выгляду, відаць, не дазваляў густ. Дарэчы, з гэтага і трэба было пачынаць – у «Раскошы» ёсць зала ў сутарэннях! Яна зусім маленькая, але даволі ўтульная, ёсць асобны бар. Але працуе толькі ад 16 гадзін.

 

Такая падземная зала – моцны аргумент у змаганні за кліента на ўбогім гродзенскім рынку, хаця і падыходзіць больш піўным пабам. Сумна, што ў горадзе з такой гісторыяй магчымасці старой архітэктуры не выкарыстоўваюцца цалкам.

 

Універсальны тэст для такога кшталту ўстановы: кава з шарлоткай. Тэст быў у маёй прысутнасці ганебна завалены.

 

Шарлотку падалі сухую і цвёрдую – можна цвікі забіваць або падсунуць ворагу, каб удавіўся. Ды і наогул, не шарлотка гэта была, а нейкі няправільны бісквіт. Пад назвай «мус» схаваўся зеленаваты блендэрны банан. Кава латэ перамешаная і бяссмачная. Амерыкана ўжо можна піць, але без асаблівага энтузіязму. Пудзінг пацешыў смакам і расчараваў памерамі (не больш за 5 см у дыяметры, паўсантыметры вышынёй – на адзін зуб!). Але гэта праблема не толькі пудзінга – у «Раскошы» ўсе порцыі маленькія. Відаць, гэта неяк больш па-шляхецку.

 

Падчас адной з некалькіх маіх выправаў у «Раскошу», нас абслугоўвала агулам ажно тры розныя афіцыянткі (!), з якіх адна была ў працы першы дзень (!!) і, цалкам відавочна без ніякай падрыхтоўкі, практыкавалася на нас (!!!). Яна некалькі разоў забывалася штосці прынесці, блытала замовы і ў выніку так нас расчуліла, што мы нават пакінулі ёй незаслужаныя пару тысяч гасцінца на набыццё газеты «Из рук в руки».

 

Ну як Вам такі дыялог:

 

– Чызкейк амерыканскі?

 

– З апельсінам!

 

Для справядлівасці трэба адзначыць, што «Раскоша» ўсё ж такі адыйшла ад саўковых традыцый і там кліентам усміхаюцца, хай сабе часам і бездапаможна. Вышэйзгаданы прыклад выглядаў хутчэй як выключэнне, чым правіла: у сярэднім абслугоўванне пакінула прыемнае ўражанне. Прынамсі, як для дзяржаўнага прадпрыемства.

 

Музыка ніяк не пасуе да інтэр’ераў: ні да гэтых, ні да любых іншых. Яе хутчэй ставяць асобы, далёкія ад «пачуцця прыгожага», бо ўвесь час, які я чакаў паскуднай сухой шарлоткі, грала безыдэйная папсня. Зрэшты, тое для Гродна сітуацыя тыповая: музычныя палітыка ў нашых кавярнях проста адсутнічае.

 

З відавочных мінусаў: няма Wi-Fi, хаця здаецца, што пасля прэцэдэнту з «Піцай і Кавай» бясплатныя кропкі доступу павінны з’яўляцца ў кожным новым месцы. Няма таксама агульнадаступных разетак, а ў прыбіральні – нармальных папяровых ручнікоў.

 

Наогул, месца пакідае падвойное ўражанне: захапляе інтэр’ерам, выбарам у меню і смачнымі торцікамі, расчароўвае прыхаваным раздзяўбайствам, ледзь заўважальнай спадчынай саўка (у рахунак лічаць цукар!) і немалымі коштамі. А паколькі адназначнай ацэнкі даць нельга, то значыць, што трэба сюды яшчэ хоць раз вярнуцца.

 

Што: Кавярня-пірожня «Раскоша» (або «Раскоша 1795», гэта не да канца зразумела)

 

Дзе: вуліца Савецкая 7, былое кафэ «Астра»

 

Ацэнка: неадназначная