Мінспорту – за адмену віз для замежнікаў

|

Міністэрства накіравала ў Саўмін прапановы па спрашчэнні візавага рэжыму для замежнікаў, сярод іх: зніжэнне кошту віз ажно да адмены аплаты, а таксама адмена дадатковага тарыфу за больш хуткую выдачу візы. Прапанова мае датычыць краін, турысты з якіх часцей за ўсё наведваюць Беларусь.

 

Як лічыць міністэрства, колькасць замежных турыстаў у Беларусі істотна скарацілася за апошнія гады не ў апошнюю чаргу праз неабходнасць атрымання візы. Гэтак, калі ў 2007 годзе з краін Еўрасаюза ў Беларусь прыехала каля 47 тысяч турыстаў, то ў 2009 ужо толькі 25 тысяч. Менавіта таму міністэрства паслядоўна падтрымлівае адмену віз.

 

Мінспорту прагназуе, што грошы, якія краіна не атрымае за консульскія зборы, вернуцца ў выглядзе выдаткаў, якія замежны турыст пакіне ў Беларусі. Спрашчэнне візавага рэжыму можа таксама спрычыніцца да стварэння дадатковых месцаў працы, арыентаваных на абслугоўванне турыстаў.

 

Пазітыўна да інфармацыі аб магчымых зменах у візавай палітыцы падыйшлі аўтары сайта «Наш Даўгаўпілс». Польскае тэлебачанне ў сваю чаргу падае меркаванні ўладальнікаў турфірмаў, якія працуюць з Беларуссю. Паводле іх, польскіх турыстаў найбольш цікавяць Гродна, Белавежская Пушча, Мір, Ліда, Нясвіж, а таксама багны Палесся. Апошнім часам набываюць папулярнасць Васілішкі – радзіма Чэслава Немэна.

 

Перашкодай, акрамя віз, польскія тураператары лічаць абавязковую рэгістрацыю.

 

Здымак TVP Białystok