Аўтаспынам да Маці Божай Будслаўскай

| Без катэгорыі

Бліжэй восьмай раніцы 2 ліпеня, разам з сяброўкай – спыншчыцай са стажам, мы ўжо падыходзілі да шашы «Гродна-Ліда», калі ззаду пачулі сігнал машыны. Гэта была фура. Адразу ж збочылі на траву, падумаўшы, што мы ёй замінаем, але пачулі чарговы сігнал. Павярнуўшыся, мы пабачылі, што такім чынам нас прапанавалі падвезці. Першая думка: «Страшна. Усе ж дальнабойшчыкі вычварэнцы і нумары расейскія». Але нас двое, дый мужчына з выгляду быў адэкватны (да слова, кепскі чалавек перад доўгім шляхам не будзе жагнацца, услых кажучы: «З Богам!»).

 

Пяць хвілін пазней мы ўжо слухалі байкі дальнабойшчыкаў ды частаваліся марозівам. Раней я думала, што на такую машыну без лесвіцы нерэальна забрацца. Прыемна было ўсвядоміць, што памылялася.

 

Дальнабойшчыкі жывуць у сваім свеце, які поўніцца ўласнымі традыцыямі, правіламі, тэрміналогіяй, прыкметамі, сваім ладам жыцця. Кабіна кіроўцы нагадвае дом на калёсах. Пад нагамі дываны, за крэсламі (адно кіроўцы, другое штурмана) знаходзіцца нешта накшталт ложка. У кабіне ёсць тэлевізар, лядоўня, кававарка – амаль усё, што патрэбна для існавання.

 

Мяне, як паўтэхніта, уразіла паўаўтаматычнае кіраванне машынай, так званы «круіз-кантроль»: кіроўца задае хуткасць, а сістэма падтрымлівае яе падчас дарогі, пры гэтым неабавязкова ціснуць на педаль газа. Кіроўцу застаецца прытрымліваць руль ды своечасова прытарможваць. Другі этап зачаравання – гэта рацыя. Менавіта пры іх дапамозе кіроўцы размаўляюць паміж сабой падчас паездкі: адзін аднаго папярэджваюць аб небяспецы, якая можа іх чакаць у дарозе (абвалы, кепскае надвор’е, патруль). З дапамогай яе могуць і аблаяць таго, хто некарэктна паводзіць сябе на дарозе.

 

Напачатку паездкі падслухала размову, падчас якой наш кіроўца запытаўся, які сёння вецер. Яго напарнік адказаў: «Некамерцыйны, здаецца». Я думала, што нешта недачула, але слых мяне не падвёў. Мне патлумачылі, што «камерцыйным» называецца той вецер, які дзьме ў тым накірунку, у якім ты едзеш. Падчас такой язды машына мае меншы супраціў, у выніку чаго паліва выкарыстоўваецца менш. І тое, што «надзьмуў» камерцыйны вецер, кладзецца ў кішэню.

 

Кіроўцы ведаюць адзін аднаго больш за 13 год. У іх сваеасаблівая любоў між сабой: замест прывітання яны адзін аднаго аблайваюць самай сапраўднай нецэнзуршчынай, пры гэтым не крыўдуючы. Але, падазраю, нашая прысутнасць іх стрымлівала, паводзілі яны сябе па-джэнтэльменску. У Іўі мелі прыпынак, дзе нас напаілі кавай ды зялёнай гарбаткай.

 

У дарозе мы амаль не маўчалі. Размовы датычыліся ўсяго. Кіроўца з бачным гонарам паказваў нам фота сваіх дзяцей і ўнукаў. У такой кампаніі мы даехалі да самага Валожына. Апошні гудок для нас і маханне нам у след канчаткова замацавала ў нас вялікую ўдзячнасць і замілаванне нашымі спадарожнікамі.

 

Валожын. Першае, што ўзгадваецца – гэта вуліца «50 год БССР» з нумарам дома 243, а таксама пазітыўны адказ мясцовага хлопца, што да цэнтра горада ісці ўсяго 40 хвілін, якіх у нас проста не было. Але нас падбадзёрвалі позіркі мясцовых жыхароў, што выглядвалі з-за плотаў ды з фортак. Дзве дзяўчыны з заплечнікамі, у кедах, з фотаапаратамі і з мапай у руках выклікалі здаровы інтарэс. Але, думаю, нашую немясцовасць больш выдавалі выкрыкі: «О, якая хатка! Які дах!» і г.д. Гарадскія, што з нас возьмеш.

 

Даволі доўга стаялі, чакаючы машыну на Маладзечна. Час забівалі па-рознаму: слухалі музыку з дапамогай адной пары навушнікаў, прытанцоўвалі, а любімым заняткам было ў звыклых рэчах шукаць нязвыклы падтэкст. Вось замалёўка з шашы: стаіць машына кшталту Рэно ўніверсал, а непадалёку бабулька доіць кароўку. Скончыўшы сваю справу, бабулька накіроўваецца з вядром у машыну, сядае і паехала разам з дзядулям у бок горада. Адразу напрошваецца пытанне: а як выглядае працэс, калі кароўку вядуць дахаты? Няўжо прывязваюць да фаркопу машыны і «падвозяць»?

 

align=”left” >Праз некаторы час нас усё ж падабрала дзяўчына і хутка давезла да Маладзечна. Амаль усе 22 кіламетры мы прадрамалі. Маладзечна ў той дзень мяне ўразіла двойчы, і ўсё па – прафесійнаму накірунку. Ідучы ўздоўж цэнтральнага рынка, заўважаю шыльду шапіка «АДПАЧИНОК». Гэта на якой мове? Ды і прадавалі ў шапіку сантэхнічныя прыналежнасці: краны і ўнітазы.

 

Наступная шыльда – рэклама побач з мясцовай СТА – мяне прыемна ўразіла. На белым фоне пасярэдзіне праходзіла шырокая чырвоная хваля і надпіс «АЎТАШКЛО». Настрой аўтаматычна падымаецца ўгару.

 

Час бязлітасна бег, забіраючы ў нас надзею паспець на галоўную Імшу, а голад ужо даваў аб сабе дазнацца. Таму наш пасілак склаўся з аднаго пачка крабавых палак і глазіраванага сырка.

 

На Вілейку нас амаль адразу падабраў мілейшы дзядзечка. Ён, аказваецца, адразу зразумеў, што мы заблукаўшыя пілігрымы і не дапамагчы нам проста не мог. Ён з захапленнем слухаў, як мы наперабой дзяліліся ўражаннямі ад шляху, што ўжо праехалі. А потым размаўлялі пра эканамічны стан Вілейкі, асабліва пра вытворчыя магчымасці мясцовых прадпрыемстваў. Калі пад’ехалі да горада, ён запаволіў ход і распавядаў пра тутэйшыя выбітнасці.

 

Спадар давёз нас да шашы, што вяла да Докшыцаў – гэта мусіў быць наш прадапошні кавалак дарогі, а так сталася, што і апошні. Нашага кіроўцу напаткаў ягоны сябра, які трымаў шлях да самага Будслава. І так на хуткасці не менш за 110 км у гадзіну на серабрыстым «мэрсе» нас давезлі на месца.

 

Не памятаю, як мы дайшлі да санктуарыума, бо мой розум і душа былі ўжо запоўненыя пачуццём чакання сустрэчы і спаўнення свайго абавязку. Я так даўно марыла прыйсці сюды, легчы крыжам ля абраза і ў цішы сэрца прамовіць усе, што так хацела сказаць… Прашаптаць словы падзякі за ўсе атрыманыя ласкі… Памаліцца за блізкіх, за родных… За тых, за каго абяцала памаліцца… ды і проста пабыць побач з Маці Божай, з апякункай Беларусі… Распавесці пра тое, што баліць, падзяліцца перажываннямі і адчуць тое, як сэрца напаўняе гарачыня той любові, якую нам дорыць Маці Божая ў адказ на нашыя малітвы.

 

Галодныя, прамокшыя, троху задубеўшыя, страшна стомленыя, але не па-зямному шчаслівыя…

У Будславе нас застаў вечар і трэба было тэрмінова вырашаць куды нам падацца. Каб было сухое надвор’е, можна было б забурыцца ў спальніках ля рэчкі. Вырашылі грукацца ў хаткі і прасіцца легчы хоць у адрыну, пры гэтым махаць дыктафонам перад носам гаспадароў і ўпэўніваць іх у тым, што мы збіраем фальклор. Але тое тэорыя, а як гэта мусіць выглядаць на практыцы – было для нас таямніцай. Было страшна ад думкі, што мы можам застацца ночыць пад указальнікам «БУДСЛАЎ» і запісваць на дыктафон свой уласны фальклор.

 

Так і топалі па вёсцы выбіраючы «домік-ахвяру». Нас заўважыла бабулька і запытала, куды мы ідзем. Мы адразу выклалі ўсю праўду-матку: якія мы абяздоленыя і як нам хочацца гарачай гарбаты…

 

Накармілі нас сапраўднай вясковай вячэрай: маласольныя агуркі, памідоркі, сала, цыбулька, хлебушак. Прапанавалі пачаставацца напоем. Ну, як прапанавалі… быў выбар: спірт або віно. Пад нашыя адмовы ў дзвярах з’явілася спадарыня Людміла з «віном». Яна трымала ў руках самае сапраўднае «чарніла»! Пры гэтым на яе твары была ўпэўненасць, што яна нам прапаноўвае найвысакароднейшы напой. Усё ж неяк пранесла і ад дэгустацыі «зброі масавага знішчэння» нас уратавала наша кемлівасць.

 

Потым нас, стомленых-змучаных, паклалі спаць. Праз некаторы час я прачнулася ад таго, што нас накрывала дадатковай коўдрай спадарыня Людміла. Ёй падалося, што нам халадно. Страшна міла… Раніцай мы проста не ведалі, як дзякаваць за такі царскі прыём. Але было таксама адчуванне, што яны нам былі ўдзячныя за тое, што трохі нагадалі ім сябе маладых…

 

Раніцай электрычка давезла нас да Вілейкі. Мы вырашылі аглядзець дасканала горад, бо па дарозе шмат пра яго чулі. Горад драмаў. Ад чыгункі ў цэнтр нас праводзіла вулачка густа засаджаная дрэўцамі і цесна застаўленая прыватнымі хаткамі. Вуліца вывела нас не проста кудысьці, а на плошчу Свабоды! Далей па вуліцы Савецкай мы выйшлі на плошчу Леніна. Справа ад Леніна – касцёл «Падвышэння Святога Крыжа».

 

Напэўна, мы спадабаліся спадару з касцельнай службы, бо ён дзеля нас адчыніў будынак і запаліў усе агеньчыкі на алтары, каб мы змаглі зрабіць больш якасныя здымкі. Касцёл, насамрэч, дужа прыгожы. Упершыню я бачыла абразы такіх вялікіх памераў. Замест вокнаў – вітражы з выявамі святых. На знешнім фасадзе прымацаваныя «Два запаветы любові» з тэкстам па-беларуску.

 

Потым была фотасесія ля помніка Віліі. Па легендах, у гонар гэтай дзяўчыны названы горад. Усё стандартна: няшчаснае каханне, страчаны сэнс жыцця, скачок у мясцовую рачулку. Камень, на якім сядзіць Вілія, змяшчае мапу экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча.

Горад пакінуў выдатныя ўражанні. Там у нас з’явіўся новы сябар – дождж. Так атрымалася, што куды б мы ні трапілі ў той дзень, наш сябра там нас ужо чакаў. І калі ў Вілейцы ён проста пакрапываў, то ў Маладзечне ён нас сустрэў праліўным прывітаннем. Мы спрабавалі хавацца ад яго ў крамах, кавярнях, на вакзале, але ён не адступаў. Вырашыўшы, што няма чаго чакаць, мы ўпэўненным крокам рушылі ў бок шашы на Валожын. Па дарозе нам трапіўся фантастычны помнік – камень з надпісам «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі».

На гэтым пазітыўна-патрыятычным надпісе хочацца скончыць, бо астатні кавалак дарогі на Горадню прайшоў без асаблівых уражанняў. Падазраю, што сваю справу ўжо адыгрывала стома. Калі з дзяўчынай, што падвозіла нас да Валожына, мы з апошніх сіл спрабавалі размаўляць, то астатнім нашым спадарожнікам мы дарылі мірныя пасапыванні…

 

Як бы пафасна для кагосьці гэта не гучала, але шлях наш быў проста благаслаўлёны. Было такое адчуванне, што Маці Божая рабіла ўсё, каб мы трапілі да Яе, бо нам проста неверагодна шанцавала паўсюдна. А душу доўга будуць грэць успаміны аб тым як прага вандроўкі і жаданне спаўнення абяцання ператварыліся ў «аўтапільгрымку» поўную новага досведу і пашырэнні ўласнага светапогляду на многія зусім няпростыя словы, няпростыя рэчы…

 

Здымкі Веранікі Велігор і Іны Севярын