“Нёман” пры добрай гульні прайграў мінскаму “Дынама”
Гарадзенцы заслугоўвалі ў гэтай гульні як мінімум нічыі.
Пасля таго, як госці забілі хуткі гол у пачатку першага тайму (вызначыўся адзін з лепшых гульцоў беларускага чэмпіянату Рафаэль Ледэсма), “Нёман” прыціснуў гасцей да іх штрафной пляцоўкі.
У складзе гарадзенскай каманды асабліва вылучаліся крайнія паўабаронцы Аляксей Сучкоў і Павал Савіцкі.
Госці раз-пораз адказвалі вострымі контратакамі.
Так, у пачатку другоага тайма пасля памылкі гарадзенскіх абаронцаў сам на сам з брамнікам “Нёмана” выйшаў нападнік “Дынама” і зборнай Беларусі Леанід Ковель.
Сяргей Чэрнік, аднак, бліскуча ліквідаваў пагрозу.
Аднак супраць тэхнічнага ўдара-перакідвання ў выкананні бразільца Леанарда ў канцы другога тайма і ён быў бяссільны.
У гэты момант гарадзенцы гулялі ўжо ў меншасці.
Суддзя Алег Чарапнёў у досыць спрэчнай сітуацыі выдаліў нёманца Паўла Рыбака.
“Нёман” нават у меншасці меў шансы “размачыць” чужую браму.
Добры шанец на гэта меў Дзмітрый Кавалёнак, які выйшаў на замену.
>
На шляху пасланага ім мяча, аднак, стаў былы брамнік “Нёмана”, а цяпер дынамавец Аляксандр Суліма.
Пасля гэтай паразы “Нёман” адкаціўся на 8-е месца ў турнірнай табліцы.
Наступную сустрэчу нашая каманда згуляе 31 ліпеня ў гасцёх у “Мінска”.
24 ліпеня. “Нёман” – “Дынама”, Мінск 0:2
Фота Яраслава Ванюкевіча