Удзельнікі падаюць апеляцыі. Акцыі неабходны новы фармат
Інвалід Каплін, які не мае правай рукі, быў затрыманы 3 ліпеня на Савецкай плошчы Гродна. Як вынікала з міліцэйскага пратакола, ён пляскаў у «ладкі». 6 ліпеня гарадскі суд Гродна прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў незаконным шэсці і пакараў штрафам у памеры 1 млн. 50 тыс. рублёў.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Віктар Сазонаў, «людзі, у прынцыпе, не вераць у тое, што рашэнні судоў могуць быць змененыя. Яны падаюць апеляцыі першым чынам для таго, каб законным спосабам прайсці ўсе інстанцыі беларускага правасуддзя ў пошуках праўды». Усяго за перыяд правядзення акцый маўклівага пратэсту, арганізаваных інтэрнэт-супольнасцю «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», да праваабаронцаў звярнулася больш за 50 аштрафаваных гродзенцаў. У мінулую сераду маўклівыя акцыі пратэсту практычна зышлі на «не» ва ўсіх гарадх Беларусі.
Дарэчы, дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, якое дагэтуль ніяк не рэагавал на затрыманні сотняў беларусаў раптам размясціла ў якасці самай папулярнай навіны нататку: «Акцыя «сеткавых рэвалюцыянераў» ў Мінску скончылася поўным правалам».
З гэтай нагоды старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў у сваім інтэрв’ю «Штодзённіку» заўважыў: «Па-першае, варта падумаць, як памяняць фармат акцыі, каб яна стала больш крэатыўнай, цікавай і, магчыма, зарыентавана на новыя пласты грамадства. Па-другое, можна паспрабаваць каардынаваць сваю дзейнасць з сістэмнай апазіцыяй ці той яе часткай, якая прапануе правесці «Народны сход», каб дзве групы арганізатараў ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго».