Этнічныя сімвалы Гжэгожа Функе

|

Экспазіцыя “Партрэты з усяго свету” складаецца з прыкладна 60 здымкаў, якія прадстаўляюць 17 краін свету. Адкрыццё выставы адбылося 29 ліпеня ў выставачнай залі па Ажэшка.

 

Пра здымкі не трэба гаварыць, а іх трэба разглядаць, – кажа Гжэгож Функе. – Але я распавяду, што кіравала стварэннем гэтай калекцыі. Некалькі гадоў з маёй музай, маім шэфам – жонкай, мы рэалізуем уласны фатаграфічны праект “Партрэты свету”. Вынікам гэтага праекту ёсць галерэя, якую маем, і выстава, прэзентаваная з розных кантынентаў, з розных месцаў. Як спадарства заўважыла, я спецыялізуюся на партрэце. Відавочна, раблю іншыя здымкі таксама, але людзі заўсёды мне былі больш блізкія, што сягае яшчэ ў мае студэнцкія журналісцкія гады, калі мяне заўсёды цікавіў чалавек і яго гісторыя. Магу сказаць адно: без увагі на колер скуры, без увагі на кантынент, без увагі на месца, то ўсе мы ёсць такія самыя. Маем такія самыя клопаты, такія самыя радасці. Стараюся ў маіх працах паказаць рэальнага чалавека.

 

Працы для выставы адабраныя з вялізнай колькасці здымкаў, якія Гжэгож Функе прывозіць з паездак:

 

З таго матэрыяла я пастараўся выбраць такі набор, такую калекцыю, якая б замыкалася цэласна і была б паслядоўнай.

 

Па словах фотамастака, кожны здымак мае сваю гісторыю – выпадковых фота тут няма. Як зазначыў адзін з наведнікаў, было б лепш такія невялікія гісторыі да здымкаў прыкласці – у іншым выпадку партрэты некалькі губляюць сваё напаўненне і выглядаюць хутчэй як прыгожыя этнічныя сімвалы.

 

 

Варта адзначыць, што Гжэгож Функе паходзіць з Свіслачы. Таму па жаданні фатографа выстава, магчыма, у меншым аб’ёме, будзе прадстаўленая і там.

 

Экспазіцыя “Партрэтаў з усяго свету” ў Гродне будзе адкрытая для наведвання цягам месяца ў выставачнай залі па Ажэшка.

 

 

 

alt=”Image 15899″ >

 

Здымкі аўтара і Яўгена Здановіча