Вернікі Квасоўкі змагаюцца з брыдкаслоўем
Распачаць гэтую барацьбу пробашча парафіі кс. Яна Занеўскага прымусіла паўсюднае выкарыстанне нецэнзурнай лексікі: ад дзяцей да састарэлых, ад начальнікаў да падначаленых, у магазіне, на вуліцы, на працы — усюды.
Да таго ж пра праблему брыдкаслоўя святару часта казалі парафіне, шукаючы ў яго парады.
Большасць жыхароў Квасоўкі — католікі, таму аб правядзенні дадзенай акцыі ў хуткім часе стала вядома ўсім.
Кожную першую нядзелю месяца ў інтэнцыі пазбаўлення залежнасці ад брыдкаслоўя ў парафіі праводзіцца гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а падчас святой Імшы святар прамаўляе адмысловую казань і дае канкрэтныя парады.
Па словах кс. Яна Занеўскага, паўгады правядзення акцыі даюць свае вынікі.
Усё радзей можна пачуць на вуліцы брыдкія словы, а самі парафіяне прызнаюцца, што шмат працуюць над сабой, каб пазбягаць выкарыстання нецэнзурнай лексікі.
Для тых жа, хто таксама заўважае за сабой падобную слабасць і залежнасць, кс. Ян Занеўскі раіць памятаць аб тым, што слова павінна будаваць, а не разбураць.
Паводле http://www.catholic.by