Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей разлічвае скарыстацца грантам ЕС
Аўтары праекта разлічваюць атрымаць з Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна максімальна магчымы грант – 4 мільёны еўра, які будзе падзелены паміж партнёрамі.
Дырэктар Падляшскага музея Анджэй Леховскі паведаміў, што дамова з Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем ужо падпісаная.
Гродзенскі музей плануе падрыхтаваць праектную дакументацыю на рэканструкцыю ўсяго замкавага комплексу і дзвюх замкавых вежаў.
У планах – усталяванне выставачных залаў музеяў такім чынам, каб найлепш прадставіць музейныя зборы, у тым ліку сталыя экспазіцыі археалагічных і этнаграфічных набыткаў, будуць падрыхтаваныя часовыя выставы прысвечаныя сувязям паміж Гродна і Беластокам.
У выніку рэалізацыі супольнага праекту Гродна і Беласток атрымаюць магчымасць прапаноўваць наведнікам музеяў комплексныя экскурсійныя маршруты па беларуска-польскім памежжы, што дадасць дадатковы імпульс развіццю турызму ў рэгіёне.
З-за таго, што транспамежныя праекты разглядаюцца надзвычай доўга, пачатак рэалізацыі праекта можа адкласціся да 2013 года.