Галоўным трэнерам футбольнага клуба “Нёман” зноў стаў Сяргей Саладоўнікаў
Прычынай сыходу з пасады Аляксандра Карашкова стала пагаршэнне стану здароўя.
Сяргей Саладоўнікаў (на фота) ужо двойчы ўзначальваў “Нёман”: у 1997 і ў 1998-2005 гадах.
Падчас трэнерства Саладоўнікава, у 2002 годзе “Нёман” стаў срэбраным прызёрам чэмпіяната Беларусі. На сёння гродзенская каманда займае 10-е месца (22 ачка ў 21 матчы).
Да выканання сваіх абавязкаў новы галоўны трэнер прыступіў ужо сёння.
Падпісанне кантракта чакаецца на наступным тыдні, пасля пасяджэння назіральнай рады.
Пра хуткую адстаўку Карашкова са спасылкай на начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Віктара Шніпко яшчэ 11 жніўня паведаміў Goals.by.
На той час трэнер афіцыйна знаходзіўся на бальнічным і збіраўся напісаць заяву аб звальненні пасля выздараўлення.
5 дзён таму Сяргей Саладоўнікаў яшчэ меў дзейсны кантракт з мінскім “Дынама” і таксама ніякіх папер не падпісваў, хаця і не абвяргаў магчымасці вяртання да трэнерства ў “Нёмане”.