Гродна атрымае чарговы гандлёвы цэнтр і згубіць помнік архітэктуры

|

На яго абарону сталі гродзенскія гісторыкі, якія яшчэ ў красавіку падпісаліся пад зваротам у Міністэрства культуры і да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры.

Асаблівых поспехаў іх захады не мелі, лёс помніка вырашаны.

 

Па словах намесніка дырэктара інвестара будаўніцтва ТАА “Табак-Інвест” Аляксандра Скубакова, якія прыводзіць “Гродзенская праўда”, забудоўшчык захавае знешні выгляд казармы “з элементамі ўнутранага інтэр’еру, які адпавядае той гістарычнай эпосе.

У “Табак-Інвесце” вельмі кваліфікаваныя дызайнеры, і яны прадугледзелі ўсе нюансы. У казарме размесціцца рэстарацыя, стылізаваная пад яе”.

 

Гісторык Андрэй Вашкевіч:

Я быў у ліку 23 гісторыкаў, якія падпісалі зварот у Мінстэрства культуры з просьбай унесці будынак казармы ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Зварот быў вельмі канкрэтны, але адказу з міністэрства не было.

Ведаем, што пасля сур’ёзнага абмеркавання з гарадскімі ўладамі забудоўшчыкі нібыта збіраюцца захаваць знешні выгляд, але сцвярджэння, што будынак будзе захаваны, няма.

Хутчэй за ўсё яе знясуць, можа захаваюць кавалак сцяны, зробяць макет – існуе маса варыянтаў.

Хацелася б верыць у лепшае, але ўпэўненасці няма.


Новы гандлёвы цэнтр “Карона”, які размесціцца на плошчы больш за 20 тысяч квадратных метраў, створыць 700 працоўных месцаў.

“Карона” абяцае шырокі выбар харчовых тавараў, кулінарныя вырабы, бытавую  тэхніку. Тут жа размесцяцца кавярня і рэстарацыя.