Сёння з Гродна на Польшчу пайшоў толькі адзін цягнік. Страйк працягнецца праз тыдзень
Выконваючая абавязкі начальніка гродзенскага вакзала:
–Папера прыйшла ўчора позна вечарам.
Натуральна, папярэдзіць мы не паспелі. Ужо сёння з раніцы вывесілі абвесткі і папярэджвалі людзей па радыё.
На Кузніцу пайшоў толькі цягнік у 5.18 раніцы, які начаваў у Гродне.
Пасажыры прыходзілі і на наступныя цягнікі, але на іх адсутнасць, па словах начальніка вакзала, рэагавалі з паразуменнем, прэтэнзій не выказвалі.
Папярэдне набыў квіток на сённяшні цягнік Гродна-Кузніца толькі адзін пасажыр. Яму вярнулі грошы.
Страйк польскіх чыгуначнікаў сканчаецца сёння апоўначы, але з-за таго, што першы ранішні цягнік прыбывае ў Гродна напярэдадні ўвечары, супрацоўнікі гродзенскага вакзала не ўпэўненыя, што заўтрашні рэйс на Кузніцу ў 5.18 адбудзецца.
Не прадаюць квіткоў і на электрычку на 11.20.
У касе адказваюць: “Вось прыйдзе цягнік, тады і набудзеце”.
Сённяшні страйк чыгуначнікі PKP Przewozy Regionalne абвясцілі з патрабаваннем павышэння заробку (на 120 злотых з жніўня і яшчэ на 160 – з ліпеня 2012 года).
Учора ўвечары, напярэдадні страйку праўленне чыгуначнай кампаніі згадзілася задаволіць патрабаванні працаўнікоў, але, улічваючы цяжкую фінансавую сітуацыю, прапанавала дадаць 120 злотых да заробку ў гэтым месяцы, 100 – у верасні наступнага году і 60 – з студзеня 2013 года.
Страйкоўцаў такая прапанова не задаволіла.
Чарговы чыгуначны страйк, які можа стаць безтэрміновым, абвешчаны на 24 жніўня.